Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам ва Узбекістан

12 сентября 2018

Борт нумар адзін узяў курс на Ташкент з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. У Ташкенце перамовы лідараў дзвюх краін пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Чакаецца, што асноўная ўвага будзе надавацца пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццю вытворчай кааперацыі і арганізацыі зборачных прадпрыемстваў па выпуску запатрабаванай ва Узбекістане тэхнікі.

У цэнтры ўвагі будзе і ўзаемадзеянне па шэрагу напрамкаў - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да гуманітарнай сферы і турызму. Размова таксама пойдзе наконт развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як эфектыўнага інструмента нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў. Плануецца, што прэзідэнты абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. А па выніках перамоў падпішуць пакет двухбаковых дакументаў. Летась тавараабарот паміж краінамі вырас больш чым у два разы ў параўнанні з папярэднім годам і склаў каля 130 мільёнаў долараў. Тэндэнцыя росту захоўваецца: сёлета за 6 месяцаў Беларусь і Узбекістан ужо нагандлявалі на 100 мільёнаў. Аснова нашага экспарту - трактары, цягачы, а таксама камплектуючыя да розных машын. У зваротным напрамку ў асноўным пастаўляюцца садавіна, баваўняная пража і трыкатаж. Таксама ва Узбекістане дзейнічаюць тры зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі, дзве з якіх з удзелам беларускага капіталу.

Таксама ў Ташкенце роўна праз гадзіну пачне работу сумесны форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з удзелам бізнес-колаў і кіраўнікоў рэгіёнаў дзвюх краін. А ўжо паслязаўтра больш як 150 беларускіх прадпрыемстваў возьмуць удзел у маштабнай выставе пад назвай Made in Belarus.