Рубрыка "Праменад"

18 Кастрычніка 2019
Увогуле шэраг  мастацкіх выстаў  адкрыўся  ў галерэях сталіцы. Сярод іх  “Акварэль” Міхаіла  Няхайчыка, "Летнія апавяданні" латвійскай мастачкі Аніты Мелдэрэ і студэнцкі дызайнерскі праект "Арт–упакоўка". А Беларуская дзяржаўная філармонія  падрыхтавала  цікавыя канцэрты на выхадныя. Куды лепш адправіцца,  падкажа  Ларыса Гулякевіч.

Акварэль як жанчына: непрадказальная, вытанчаная, са сваім характарам. Менавіта так ставіцца да акварэльнай фарбы мастак Міхаіл Няхайчык. Яго правінцыяльныя вулачкі, заснежаныя вёскі, невялікія вясковыя храмы  прынеслі мастаку шматлікія ўзнагароды на міжнародных выставах.

Персанальная выстава беларускага акварэліста Міхаіла Няхайчыка экспануецца ў мастацкай галерэі Беларт на Карла Маркса,  4. Майстар гарадскіх і сельскіх пейзажаў, якія аўтар знаходзіць для сваіх палотнаў не толькі на радзіме ў Беларусі, але і вандруючы за мяжой. 

"Летнія апавяданні" ад латвійскай мастачкі Аніты Мелдэрэ. 28 жывапісных твораў прыехалі ў мінскую галерэю Савіцкага. У экспазіцыі пануе каляровая абстрактнасць – асаблівы сакрэт майстра.

Свае карціны яна малюе звычайна летам у загарадным доме, якія складаюцца ў "Летнія апавяданні". Сонца, яскравы настрой і жывапісная экспрэсія пануюць у яе работах. Аніту Мелдэрэ ў Беларусі прадстаўляе Арт–цэнтр Марка Ротка з Даўгаўпілса, творчае супрацоўніцтва з якім звязваюць мастачку доўгія гады. 

Аніце Мелдэрэ падуладны розныя тэхнікі: алей, акрыл і акварэль. Спрабавала сябе ў літаграфіі, а таксама распісвала шоўк і фарфор. Разам з творчай працай яна звязала сваё жыццё і з педагогікай. Зараз выкладае мастацтва ў Рыжскім тэхнічным універсітэце. 

"Арт-упакоўка". Праект прапануюць студэнты 4 курса Акадэміі мастацтваў. Майстры-пачаткоўцы графічнага дызайну па-сучаснаму раскрываюць тэму ўпакоўкі з выкарыстаннем акрылу, пластыку, дрэва, гіпсу і іншых матэрыялаў.

Некаторыя работы праекта "Арт–упакоўка" нагадваюць эскізы скульптурных аб'ектаў, іншыя  ўяўляюць сабой сапраўдныя міні-інсталяцыі ці кінетычныя аб'екты. Гэта шосты праект з цыкла аўтарскіх вучэбных курсаў дызайнера–педагога, плакатыста Руслана Найдзіна. 

На джазавы вечар у суботу запрашае Белдзяржфілармонія. Амерыканскі трубач Марк Грос, вядомы як майстар хард-бопа, выступіць з джазавым аркестрам. 

Вядомы джазавы музыкант Марк Грос - выпускнік знакамітага Berklee College of Music. Яго адзначалі такія майстры амерыканскай джазавай сцэны, як Лаянел Хэмптан і Дэйв Холанд. У складзе джазавага аркестра Dave Holland Big Band майстар духавых інструментаў двойчы станавіўся лаўрэатам прэміі “Грэмі”. Выступленнем ў праекце "Джазавыя вечары ў філармоніі" Марк Грос уключыць Беларусь у геаграфічную калекцыю сваіх выступленняў.

А ў нядзелю на філарманічнай сцэне  гала-канцэрт фестывалю песні Ганны Герман "Эўрыдыка" з узнагароджваннем пераможцаў. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.