Аляксандр Лукашэнка напярэдадні прыбыў у Судан

17 января 2017

Падзея знакавая - гэта першы афіцыйны візіт беларускага лідара ў гэтую краіну. Асноўныя перамовы - сёння.

З Хартума - Вольга Макей. Якія агульныя інтарэсы ў Мінска і Хартума, можна меркаваць па складзе беларускай дэлегацыі. Напярэдадні ў сталіцу Судана прыляцелі тыя, хто адказваюць за самыя розныя сферы. Гэта палітыка, навука, энергетыка, прамысловасць, сельская гаспадарка. Вядома, больш за ўсё тут чакалі Прэзідэнта Беларусі. Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўнік дзяржавы прыляцеў сюды па запрашэнні Прэзідэнта Судана. І вось цікавы факт, Амар аль-Башыр асабіста сустракае беларускага лідара ля трапа. А гэта - рэдкая дыпламатычная практыка і знак асаблівай павагі.

На сёння лідары азначылі працяг перамоў. Палітыкі спачатку абмяркуюць парадак дня адзін на адзін, затым далучацца дэлегацыі.

Сярод сфер, у якіх Беларусь і Судан могуць працаваць разам, у першую чаргу сельская гаспадарка. Рыхтуецца сур'ёзны кантракт на пастаўку беларускай тэхнікі. У Судан адправіцца партыя трактароў МТЗ. Акрамя таго, тэхніка Гомсельмаша будзе праходзіць тут выпрабаванні. Цікавы афрыканскай краіне беларускі вопыт развіцця атамнай энергетыкі.   Судан рыхтуецца да будаўніцтва першай АЭС. Таксама тут патрэбны вопытныя спецыялісты ў галіне геолагаразведкі, як вядома, нетры гэтай краіны багатыя нафтай.

Зрэшты, у галіне супрацоўніцтва ў дзвюх краін наперадзе шмат работы. Аляксандр Лукашэнка зверне ўвагу: эканоміка пакуль адстае ад палітыкі.

Не выключана, што ў выніку сённяшніх перамоў будзе падпісаны вялікі пакет кантрактаў, агульная сума якога перавысіць гадавы тавараабарот.

Зрэшты, важныя не толькі подпісы пад дакументамі, але і трывалыя кантакты, не толькі палітычныя, але і дзелавыя. А іх Мінск і Хартум умацуюць на бізнес-форуме, які стартуе сёння. Плануецца, што акрамя перамоў з Амарам аль-Башырам, Аляксандр Лукашэнка правядзе сустрэчы са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Судана і віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны.