У Мінску стартаваў VIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета

2 октября 2013

У Мінску стартаваў VIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Фестываль, які ўпершыню адбыўся ў 2006 годзе, праводзіцца пад патранажам Прэзідэнта Беларусі і арыентаваны на аб'яднанне творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін. Сюды штогод прыязджаюць выбітныя артысты сучаснасці і выступаюць на адной сцэне з маладымі музыкантамі.


За падзеямі сочыць наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.


Канстанцін Хабенскі прыляцеў у Мінск сёння раніцай самалётам з Мальты, дзе заняты на здымках. Сёння ўначы - назад. Новая форма музычна-літаратурнага дзейства, іншай назвы пакуль не прыдумалі, яму вельмі цікавая. Такі вопыт у праекце Юрыя Башмета ўпершыню.


Здавалася б, усе формы ў мастацтве даўно вынайдзеныя, і нават усё новае - добра забытае старое. Аднак 8-ы башметаўскі фэст прапаноўвае па-іншаму паглядзець на сусветную паэзію ў спалучэнні з класічнай музыкай. І тут без мэтраў не абысціся. Уладзімір Маякоўскі і Сяргей Пракоф'еў. Юрый Башмет і Канстанцін Хабенскі. Упершыню. Сусветная прэм'ера… і на беларускай сцэне.


Маэстра Юрый Абрамавіч Башмет прыляцеў з Масквы перад самым адкрыццём свайго стварэння - фестываля. Так што, 8-ы міжнародны башметаўскі фэст стартаваў у поўным складзе.


У стылі музычна-літаратурнага дзейства пройдуць і іншыя канцэрты. Так, сусветная прэм'ера беларускага кампазітара Валерыя Воранава Архітэктона была напісаная спецыяльна да фестывалю. Твор для чатырох піяністаў, сімфанічнага аркестра і чытальніка - беларускага рэпера Міхея Насарогава - рыхтуецца ў Акадэміі музыкі.


Галоўнай ідэяй Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета застаецца магчымасць выступіць на адной сцэне маладым талентам з вялікімі музыкантамі. Пра такі поспех можна толькі марыць. Бо гэта сапраўдная пуцёўка ў творчае жыццё і пачатак добрай кар'еры. Гэтай мэце прысвечаная шматгадовая традыцыя фэсту - майстар-класы, дзе такія мэрты, як Кшыштаф Пендэрэцкі, дарэчы, прафесар 17 вядучых ВНУ свету, Дытхельм Ёнас - прафесар Вышэйшай школы ў Германіі, і іншыя сусветныя зоркі працуюць з беларускімі студэнтамі.