Стратэгічнае партнёрства Мінска і Душанбэ. Сустрэча прэзiдэнтаў у Палацы Незалежнасці

28 июня 2019
Стратэгічнае партнёрства Мінска і Душанбэ і дакументы, што  ўмацоўваюць  узаемадзеянне ў  галіне  інавацый, АПК, адукацыі і турызму, - такі вынік сённяшніх перамоў у Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон пацвердзілі намер актыўна развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Адносіны краін будуюцца на татальным даверы. Гэтаму спрыяе і сяброўства палітыкаў. Сярод  прыярытэтаў - развіццё гандлю. У гэтым плане ён пакуль не адпавядае амбіцыям і заяўленаму ўзроўню партнёрства. Тым не менш, ужо закладзены трывалы падмурак для супрацоўніцтва. Нараўне з праектамі ў  машынабудаванні стаўка будзе зроблена і на аграрны напрамак, у тым ліку атрыманне профільнай адукацыі. Наша краіна гатова перадаваць свае тэхналогіі і навучаць кадры па розных  напрамках як у Беларусі, так і ў Таджыкістане.

У Гісары на сумесным прадпрыемстве ўжо некалькі гадоў выпускаюць прадукцыю брэнда МТЗ. На базе вытворчасці створаны і вучэбны цэнтр падрыхтоўкі таджыкскіх спецыялістаў па абслугоўванні і эксплуатацыі тэхнікі. 

На працягу некалькіх гадоў запланавана пастаўка партыі тралейбусаў - 150 адзінак.  Некалькі  першых ужо можна сустрэць на вуліцах Душанбэ. А вось каб забяспечыць унутраны рынак Таджыкістана малочнай прадукцыяй і выйсці на рынкі сумежных краін,  у сталіцы створана сумеснае прадпрыемства. Створаць і яшчэ адно,  арыентаванае на рынак Афганістана. Па выніках перамоў падпісаны  адзінаццаць дакументаў. Галоўны  завізіравалі прэзідэнты – дагавор аб стратэгічным партнёрстве паміж краінамі.

На памяць аб сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Эмамалі Рахмону створаную па старажытнай тэхналогіі копію слуцкага пояса, а таксама сувеніры II Еўрапейскіх гульняў: пано, набор шакаладу і талісман спаборніцтваў – лісяня Лесіка. Высокі госць падарыў беларускаму лідару нацыянальны кінжал ручной работы і карціну, на якой намаляваны Палац Наўруз. Гэты этнакультурны комплекс уключаны ў пералік васьмі цудаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Эмамалі Рахмон запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць з  візітам  у адказ Душанбэ.