Актуальныя праблемы абмяркоўвалі на нарадзе ў Прэзідэнта

22 февраля 2016

Сітуацыя з тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі, цэны на праезд, пытанні прыватызацыі і падатковай палітыкі дзяржавы. Цэлы спектр актуальных праблем сёння абмяркоўвалі на нарадзе ў Прэзідэнта. На парадку дня - прапановы ўрада па росце эфектыўнасці эканомікі. У першую чаргу, акцэнт на тэме ЖКГ з улікам жыровак, якія ў гэтым месяцы атрымалі беларусы. Сітуацыю ўзяў на асаблівы кантроль Прэзідэнт. Беларускі лідар яшчэ раз падкрэсліў: меры, якія ўдараць па насельніцтве, адабрэння не атрымаюць. Сацыяльна арыентаваная эканоміка, у цэнтры якой чалавек, застанецца галоўным курсам цяперашняй улады. У гэтай сувязі былі раскрытыкаваныя і прапановы, вынікам якіх стане немінучы рост цэн. Тут патрабаванне катэгарычнае - цэны сувымерныя даходам. Рашуча былі адхіленыя і меры па бяздумнай прыватызацыі. Усіх удзельнікаў нарады Кіраўнік дзяржавы заклікаў рыхтавацца да сур'ёзнага папытання і маніторынгу сітуацыі ў эканоміцы.

Падрабязнасці ў рэпартажы Андрэя Крывашэева.

Шырокія непапулярныя рэформы або "шокавую тэрапію" постсавецкая прастора перажывала на пачатку 90-х. Па самых сціплых падліках, яна каштавала былым саюзным рэспублікам 10 гадавых бюджэтаў і 5 мільёнаў датэрмінова абарваных жыццяў - дзяцей, пенсіянераў, інвалідаў, вайскоўцаў і тых, хто падаўся ў бандыты, крымінальны бізнес.

У 1995-м гэты шокавы сцэнарый у Беларусі быў згорнуты першым Прэзідэнтам. Таму сёння, праз 20 гадоў, Аляксандр Лукашэнка меў і маральнае права і ўсе эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя падставы заявіць: гісторыя застанецца гісторыяй, ніякага шанцу на рэванш у бяздумных рэформ і бяздушных рэфарматараў у нашай дзяржаве для чалавека няма і не будзе.

Дарэчы, менавіта тут, у Палацы Незалежнасці - сімвале суверэннай дзяржавы і эканамічнай палітыкі, і менавіта ў 20-годдзе першай паўнаважкай праграмы "Экспарт, жыллё, харчаванне", прэзідэнцкае "не" гучыць асабліва даходліва.

Сімвал гайдараўскай эпохі - татальная, непразрыстая і наскрозь карупцыйная прыватызацыя, названая ў народзе "прыхватызацыяй". Багацелі адзінкі. Галелі мільёны. Так, што нават аўтар "шокавай тэрапіі", амерыканскі эканаміст Джэфры Сакс, выкляў бязмежнікаў, якія назваліся рэфарматарамі.

Менавіта супраць такіх псеўдарэформаў агулам, за кошт людзей, без пралічанага да капейкі выніку, або ў інтарэсах капіталу выступае Аляксандр Лукашэнка. Паслядоўна. З 90-х.

Павел Лашчанка, кіраўнік міжнароднай аўдытарскай кампаніі: "Да кожнага прадпрыемства ў любым выпадку будзе патрэбны індывідуальны падыход. Што да кропкавай прыватызацыі, то яна ў нас была, ёсць і будзе. І відавочна, што такога роду здзелкі знаходзяцца на самым належным і высокім кантролі. Але я мяркую, Прэзідэнт не гаворыць, што не будзе прыватызацыі. Ён акцэнт робіць усё-такі на слове "агульная". І прыватызацыя не абавязкова павінна разумець кардынальную змену ўласніка. Г. зн. мне ўяўляецца найбольш разумным варыянтам, калі патэнцыяльнага інвестара запрашалі б купляць мінарытарныя пакеты. Г. зн. да 25%. Гэта было бы разумным з усіх пунктаў погляду".

Пры гэтым Прэзідэнт не адхіляе навацый, якія працуюць на развіццё чалавека і дзяржавы. Наадварот, ён іх галоўны заказчык, лабіст і кантралёр.

За 20 гадоў у Беларусі рэформаў налічылі больш за 200. Прычым сістэмных, структурных і арыентаваных на чалавека. З'явіліся цэлыя новыя галіны - космас, нана- і біятэхналогіі, рухавікі, ВПК, атамная энергетыка, сувязь, перасадка органаў, новыя матэрыялы, высокія тэхналогіі і транспарт.

Усё, што звязана з бюракратыяй і рэгістрацыяй бізнесу, - поўная мадэрнізацыя.

Традыцыйныя галіны - машынабудаванне, апрацоўка металу, будаўніцтва, дарогі, абаронны комплекс, угнаенні, нафтаперапрацоўка - даведзена да толку і працуе. Так, сёння як ніколі складана. Але вось надоечы амерыканскія фермеры паскардзіліся: маленькая Беларусь пацясніла вялізныя Штаты па экспарце… сыроў і заняла трэцяе месца ў свеце. А значыць у сістэмнай рэформе сяла грошы не закапалі, а інвесціравалі з толкам.

А ўсе гэтыя галіны ў 90-я нашы і не толькі "гайдараўцы" прапаноўвалі прыватызаваць, татальна і без аглядкі на інтарэсы людзей, дзяржавы, рэальнай эканомікі. "Адкуль жа сёння новы "перадпродажны" сверб пад прыкрыццем нейкіх "рэформ"? - пытаецца Прэзідэнт.

Ударыць па людзях цэнамі і тарыфамі - самае простае з псеўдарэформ, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Куды цяжэй знайсці грошы і рэзервы там, дзе трэба варушыцца. Напрыклад, вярнуць дэбіторскую запазычанасць, вычысціць з экспартных схем лішніх пасрэднікаў, разгрузіць склады на новых неўладкаваных рынках, скараціць выдаткі на сыравіну і камплектуючыя. Мала таго, там, дзе ў людзей плануюць забраць, напрыклад, ільготы, ніякага даказанага эфекту няма. Акрамя абурэння народа і Прэзідэнта. Рэзаць прапаноўваюць механічна і па жывым.

Логіка ўрада - адменім ільготы і канкурэнтны гандаль сам знізіць цэны, каб не страціць спажыўца. На надбаўках, абаротах, скідках і распрадажах. Добра, у сталіцы, дзе і прыбыткі вышэйшыя і гіпермаркеты на кожным вуглу, ды і вока кантралёра ўсё бачыць, можа і спрацуе. А як быць у правінцыі? Дзе магазінчык адзін, кліенты на ўсім эканомяць, абароты невялікія. Закупляюцца на тыдзень і самым неабходным. Там і сёння часам бязмежжа - гандлююць пратэрмінаваным, цэны дзяруць і з кліентамі не цырымоняцца. Вось дзе дыктатура манапаліста.

Алена Кірэева, загадчыца кафедры падаткаў і падаткаабкладання БДЭУ: "Людзі, набываючы тавары дзіцячага асартыменту, набываючы прадукты харчавання, гэта мы ўсе, і яны ўваходзяць у асноўны наш спажывецкі кошык, набываючы іх з больш высокай стаўкай падатку на дабаўленую вартасць. Натуральна, гэта стаўка ўзніме і кошт гэтых прадуктаў харчавання, і тавараў. Бо прадукты харчавання і гэтыя тавары займаюць даволі значную ўдзельную вагу ў агульнай структуры спажывання, натуральна, і становішча сацыяльнае яно не будзе паляпшацца, ва ўсялякім разе, г.з. яно будзе натуральна пагаршацца".

Прэзідэнт ужо ставіў задачы Мінгандлю - цэны кантраляваць жалезна, людзей не крыўдзіць.

Самае праблемнае для людзей - пытанне тарыфаў. Урад прапануе ўслед за жыроўкамі пераацаніць праязныя на метро, электрычкі, гарадскі і прыгарадны транспарт. Па-бухгалтарску - нібы не драйвер эканомікі рэжуць, а ў множанні на калькулятары практыкуюцца. А гэта ж людзі і прэзідэнцкія праграмы. Напрыклад, міжгародны аўтобус - часам гэта адзіны спосаб для вясковых старых убачыць дзяцей і ўнукаў.

Або прыгарадны трафік. Узнімі тарыфы - ударыш па прэзідэнцкай праграме гарадоў-спадарожнікаў. Хто паедзе на новую вытворчасць, калі на адну дарогу пятая частка зарплаты пойдзе? Адна справа заплаціць за штадлераўскі камфорт з ветрыкам, другая - абезруховіць людзей і мабільнасць абласных агламерацый - эканоміцы даражэй выйдзе.

Гэта ўсяго два прыклады. А лічыць да трох Прэзідэнт не збіраецца. Даручае - кожную капейку палічыць, даказаць і апублікаваць, тады і да гутаркі аб тарыфах можна вярнуцца.

Самае надзённае і сапсаванае горш за кватэрнае - камунальнае пытанне. Тарыфы ўжо ўзнялі, абяцалі па справядлівасці, раўнамерна і празрыста. Але выйшла … як заўсёды. Адным плюс 10 %, другім плюс 110 %.

Адна справа, калі за пустуючую другую-трэцюю кватэру бяруць поўны тарыф. Іншае, калі адзінокай пенсіянерцы ў габарытнай трохпакаёвай кватэры выстаўляюць і за цяпло, і за метраж, і за ліфт з пад'ездам, куды не выходзіць тыднямі. Усіх пад адзін грэбень? А дзе ж празрысты рынак? Дзе канкурэнцыя? Дзе сацыяльная адказнасць і адрасны падыход?

Цярпенне Прэзідэнта, падобна, лопнула. Калі да 1 сакавіка з камунальнай матэматыкай не разбяруцца - лічыць прыйдзецца колькасць наручнікаў у ведамстве.

Рэзюмуючы нараду, якая відавочна выйшла за тэму акцызаў і тарыфаў, Прэзідэнт нагадаў ураду - вам у Беларусі жыць і працаваць. Межы рашэнняў і дзеянняў вызначаны, гэта перадвыбарная праграма. Заказчык рэформ - грамадства, яго інтарэсы першарадныя, як і права ведаць, на што ідуць дадатковыя выдаткі, і як гэта адаб'ецца на эканоміцы дня заўтрашняга. Рэзаць грамадскі здабытак Прэзідэнт не дазволіць, але ўсе ўзважаныя, прадуманыя і пралічаныя рашэнні з доўгатэрміновым эфектам будуць падтрыманы ў самыя кароткія тэрміны.