А. Лукашэнка: Да сярэдзіны наступнага года ва ўсіх працоўных калектывах павінны быць прафсаюзныя арганізацыі

22 мая 2015

Да сярэдзіны наступнага года ва ўсіх працоўных калектывах павінны быць прафсаюзныя арганізацыі. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на VII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў. Форум аб'яднаў больш як паўтысячы дэлегатаў, у іх ліку лідары прафарганізацый усіх узроўняў, а таксама іх замежныя калегі - кіраўнікі прафцэнтраў краін блізкага і далёкага замежжа. Асноўная тэма дыскусіі - дарожная карта арганізацыі на наступныя 5 гадоў. Звяртаючыся да гасцей, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прафсаюзам неабходна прымаць актыўны ўдзел у рашэнні задач дзяржаўнай важнасці.

Цяперашні форум прымеркаваны да важнай даты - 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. Арганізацыя аб'ядноўвае больш за чатыры мільёны чалавек - гэта 96,5% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Гаварылі на форуме і пра стварэнне новых прафарганізацый у прыватным сектары. Падрабязнасці дыскусіі - у нашых наступных выпусках.