А.Лукашэнка: "2016-ы павінен стаць пераломным у развіцці эканомікі"

21 апреля 2016

І пачнём з самай папулярнай тэмы дня і адной з найважнейшых палітычных падзей года - Паслання Прэзідэнта народу і парламенту, з якім Аляксандр Лукашэнка звярнуўся сёння да ўсіх беларусаў. Кіраўнік дзяржавы закрануў ключавыя пытанні эканамічнага развіцця краіны, сацыяльнай сферы і міжнароднага парадку дня.

Так, 2016-ы павінен стаць пераломным у развіцці эканомікі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паколькі пакуль мы адстаём па прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг ад іншых краін. Вызначыўшы для сябе дыверсіфікацыю экспарту як ключавы кірунак, Беларусі неабходна імкнуцца ствараць вытворчасці ўжо не сённяшняга, а заўтрашняга дня. У прыватнасці, выпускаць патрэбныя камплектуючыя ў сваёй краіне, а не завозіць з-за мяжы. Менавіта імпартазамяшчэнне Прэзідэнт назваў добрай нішай для прадпрымальнікаў і ўсяго эканамічнага штаба. Вядучая ж роля па распрацоўцы і ўкараненні высокіх тэхналогій у вытворчасць адводзіцца Нацыянальнай акадэміі навук і Парку высокіх тэхналогій. Сучасная даследчая база ў Беларусі сёння дазваляе паспяхова працаваць на развіццё касмічнай галіны, нана- і біяіндустрыі і робататэхнікі. І галоўны прынцып, каб грошы, укладзеныя ў распрацоўкі, акупляліся. Прэзідэнт заклікае таксама развіваць і падтрымліваць дзелавую ініцыятыву, асабліва з улікам таго, што Беларусь дабілася апошнім часам значнага прагрэсу. Напрыклад, па падаткаабкладанні ў рэйтынгу Сусветнага банка мы на 63-м месцы з 200 краін. Мэта - увайсці ў 30-ку лепшых па ўмовах вядзення бізнесу.

У Пасланні Прэзідэнт гаварыў і аб знешнім вектары, захаванні міру, стабільнасці і бяспецы на беларускай зямлі. Менавіта гэта галоўнае сёння, калі ўсё актыўней заяўляе пра сябе міжнародны тэрарызм. Шматвектарнасць знешняй палітыкі застаецца адным з асноўных прынцыпаў нашай дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што тыя, хто будзе ставіць нас перад выбарам: мы з Расіяй або з Захадам - можа не разлічваць на канструктыўны дыялог. Нашы каласальныя інтарэсы ляжаць у плоскасці Расіі, але і высокатэхналагічны Захад нам не абыякавы. Асобным сілам у Расіі трэба спыніць размовы аб развароце Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Расійская Федэрацыя - гэта саюзніца і стратэгічны партнёр Беларусі.

Умацоўваць пазіцыі Беларусі на міжнароднай арэне Прэзідэнт заклікаў і беларускі парламент. Ён адзначыў, што гэтаму складу яшчэ трэба прыняць шэраг важных законапраектаў і галоўны з іх - праект бюджэту на 2017 год. Траціну з дзеючага склікання Палаты прадстаўнікоў Кіраўнік дзяржавы хацеў бы бачыць і ў наступным. Астатніх працаўладкуюць. Ад новага складу Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка чакае пашырэння супрацоўніцтва з еўрапейскімі парламентарыямі, з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Усё гэта павінна спрацаваць на паляпшэнне палітычнага іміджу Беларусі і прасоўванне эканамічных інтарэсаў нашай краіны.