Мінск прызнаны самым чыстым горадам Беларусі

18 апреля 2015

У сталіцы падвялі вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання. У нас самыя ўтульныя паркі, дзіцячыя пляцоўкі і двары. У гэтым ёсць заслуга і саміх мінчан. На працягу месяца яны разам з гарадскімі службамі прыводзілі ў парадак сталіцу. А сёння выйшлі і на рэспубліканскі суботнік ля мемарыяльнага комплекса “Малы Трасцянец”. Юлія Токар – з падрабязнасцямі.

 

Сёння з самай раніцы ў мемарыяльным комплексе “Малы Трасцянец” у Мінску кіпіць работа. Прыбіраюць старое лісце і сухую траву. Больш за два гектары зямлі неабходна падрыхтаваць для пасеву газона. Да навядзення парадку ў комплексе далучыўся і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Яго асноўная задача сёння - укладка тратуарнай пліткай дарогі да галоўнай скульптуры мемарыяла.

Зараз ідзе ўстаноўка помніка “Брама памяці” – ён размесціцца ў цэнтры самага вялікага ў краіне лагера смерці. Асноўны манумент адліты з бронзы, яго вышыня - 10 метраў.

На гэтае памятнае месца выйшлі як прадстаўнікі мэрыі, так і моладзь. І,  нягледзячы на дажджлівае надвор’е, праца ідзе без перапынку, таму што кожны жадае далучыцца да агульнага добраўпарадкавання.

Маладыя эканамісты Арцём Бухта і Алена Крупа на суботніку ўпершыню. Але ж прызнаюцца, што ганарацца тым, што трапілі, менавіта сюды.

У Заводскім раёне сталіцы падчас суботнікаў быў наведзены парадак ва ўсіх дварах і парках. Правялі рамонт дарог. Але ж добраўпарадкаванне, абяцаюць у адміністрацыі, на гэтым не скончыцца.

Сёння ў рэспубліканскім суботніку ля мемарыяльнага комплексу “Малы Трасцянец” прынялі ўдзел больш за 250 чалавек. Прыведзена ў парадак амаль 5 гектараў зямлі. А вось выручаныя сродкі з суботнікаў накіруюць на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў.