Тытул "Міс Беларусь - 2018" заваявала Марыя Васілевіч

5 мая 2018

Беларусь выбрала самую прыгожую дзяўчыну краіны. Ёй стала Марыя Васілевіч з Мінска.

Галаву пераможніцы ўвянчала карона, вырабленая ў 2004 годзе. Упрыгажэнне вагой 120 грамаў выканана з белага золата і абсыпана паўтысячай фіянітаў і тапазаў.

Першая віцэ-міс - Маргарыта Мартынава са Слоніма, другая віцэ-міс - мінчанка Анастасія Лаўрынчук. Усяго ж за карону вялі барацьбу 30 прэтэндэнтак. Разам з тытулам пераможніца Марыя Васілевіч атрымала і права прадстаўляць нашу краіну на конкурсе "Міс свету", а таксама ўдзельнічаць у культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. На фінал конкурсу ў Палац спорту прыйшлі каля трох з паловай тысяч чалавек. Беларускую прыгажуню краіна выбірае ўжо адзінаццаты раз. Конкурс праводзіцца з 1998 года па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. І Прэзідэнт традыцыйна прысутнічае сярод гледачоў, бо праект агульнанацыянальны. І гэта заканамерна - прыгажосць беларускай жанчыны, яе грацыя, пяшчота, працавітасць вядомыя ва ўсім свеце. І гэта частка іміджу Беларусі.