29 сакавіка пачаўся трохдзённы афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан

29 марта 2017

Борт № 1 гэтым вечарам прызямліўся ў аэрапорце Ашхабада. Праграма візіту насычаная сустрэчамі і мерапрыемствамі. Беларускі лідар правядзе перамовы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Плануецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане. Адзначу, бакі вядуць поўнамаштабны дыялог - таму пацверджанне і грандыёзны праект Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, цырымонія афіцыйнага запуску якога таксама пройдзе ў прысутнасці лідараў дзвюх краін. У Ашхабадзе знаходзіцца і наша здымачная група. Усе падрабязнасці - у Наталлі Брэвус.

Тых, хто трапляе ў Ашхабад упершыню, уражвае, што гэта ў прамым сэнсе белы горад. Так завуць сталіцу краіны з-за багацця мармуровых будынкаў. Для беларусаў шлях у Цэнтральную Азію праз Туркменістан - пракладзеная дарога. Даўно наладжана супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Што цікава, лідары Беларусі і Туркменістана сустракаюцца штогод з 2009 года. То ў Мінску, то ў Ашхабадзе. Менавіта тады амаль 8 гадоў таму замахнуліся на маштабны сумесны праект - распрацоўку калійнага радовішча і будаўніцтва камбіната.

Арыентацыя народнагаспадарчага комплексу Туркменістана на засваенне і перапрацоўку каласальных сыравінных рэсурсаў краіны - адна з праграмных мэт прэзідэнцкай стратэгіі рэформ. Туркменістан даволі закрытая дзяржава постсавецкай прасторы. Праўда, краіна мяняецца. Шмат у чым спрыяе і Гурбангулы Бердымухамедаў. Зімой ён перавыбраны на трэці тэрмін. Абнаўленне Ашхабада падганяе і вялікая спартыўная падзея. Увосень тут пройдуць V Азіяцкія гульні. Іміджавае мерапрыемства, па якім мяркуюць аб краіне.

На ўсходзе, зрэшты, як і ўсюды, сустракаюць па адзежцы - распавядае пасол Беларусі ў Туркменістане. Спецыяльна для журналістаў - невялікая экскурсія па новым пасольстве яшчэ да афіцыйнага адкрыцця. Пабудавалі рэкордна хутка. Знадворку - мармур. Гэта ў туркменскім стылі. Ды і летам не так прыпякае. Начынне дыпмісіі - беларускае: ад пліткі да мэблі.

Туркменістан багаты на вуглевадароды. Краіна займае чацвёртае месца ў свеце і па здабычы газу. Падзенне цэн на рэсурсы не лепшым чынам адбіваецца на эканамічных паказчыках. Гэта, вядома, уплывае і на гандаль з Беларуссю. Яго аб'ём, калі лічыць разам з паслугамі, наблізіўся летась да 300 мільёнаў долараў. Але гэта не дацягвае для рэкорднага тавараабароту паміж Мінскам і Ашхабадам у 2013-м.

Гатовы да адкрыцця і найбуйнейшы калійны камбінат у Цэнтральнай Азіі. Для Туркменістана гэта азначае тое, што створаная новая галіна прамысловасці. Гарлыкскі горна-абагачальны - знакавы аб'ект і для беларусаў. Сігнал свету - такія вялікія задачы нашым будаўнікам па плячы. Праект прыйшоўся дарэчы ў той час, калі ўнутры краіны паменшыўся попыт на будаўнічыя паслугі. Трэба сказаць, што глабальны замежны праект падшпіліў і двухбаковае супрацоўніцтва, прынёс экспартныя бонусы. Бо патрэбныя былі пастаўкі тэхнікі - праходчыя камбайны, грузавікі, пагрузчыкі, электратэхнічнае абсталяванне.

Для Туркменістана гэта яшчэ і паўтары тысячы новых працоўных месцаў на самім камбінаце. Плюс патрэбныя кадры ў сумежных сферах - забеспячэнні, лагістыцы, збыце. Улічваючы, што ў нас захаваўся высокі ўзровень прафесійнай тэхнічнай падрыхтоўкі, менавіта да нас едзе моладзь па адукацыю.

Ёсць попыт і ў тэхнароў, і ў гуманітарыяў. Назар Мамедаў - адзін з амаль 9 тысяч такіх маладых людзей з Туркменістана. Як будучы дыпламат ведае, чаго каштуе дыялог паміж лідарамі і краінамі.

Беларускі борт № 1 прызямліўся ў Ашхабадзе гэтым вечарам. Туркменская сталіца прымае ласкавымі плюс 18. Ды і сустракаюць цяпло. Гэта шосты візіт беларускага Прэзідэнта ў Туркменістан. Нездарма расцяжкі на вуліцах горада ў гэты дзень абвяшчалі: паміж краінамі - сяброўства і адкрытасць.

Афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава прызначаныя на заўтра. Вядома, што прэзідэнты пагутараць сам-насам, пройдуць сустрэчы ў пашыраных фарматах з дэлегацыямі краін. Адбудзецца і цырымонія адкрыцця новага будынка пасольства Беларусі ў Ашхабадзе. У ёй прымуць удзел прэзідэнты. "Туркменскі дом" на беларускай зямлі з'явіўся амаль год таму. Вось такі ход у адказ на мове дыпламатыі гаворыць пра многае - знак таго, што нацэленыя на супрацоўніцтва сур'ёзна і надоўга.