"Мінскі дыялог" сабраў звыш 700 экспертаў з 6 дзясяткаў краін свету

13 октября 2019
На гэтых фота  адзін з самых небяспечных атракцыёнаў на планеце. Назва адпаведная - "Сцежка смерці". Маршрут пракладзены ў кітайскіх гарах Хуашань. Прыкладна за 20 долараў у эквіваленце любому ахвотніку прапануюць зрабіць свой крок над прорвай. Шырыня не самага трывалага драўлянага насцілу -сантыметраў 60. Далей  прорва. Праўда, ходзяць па "сцежцы смерці" са страхоўкай і пад пільным наглядам арганізатараў забавы. 

Пра галавакружны маршрут, дзе ў турыстаў здараліся сардэчныя прыступы, мы ўспомнілі невыпадкова. Сучасная сусветная палітыка сёння нагадвае гэту самую "сцежку смерці". Толькі па-сапраўднаму. Ніякай страхоўкі. Ніякіх гідаў. 30 гадоў таму ў свету былі захавальнікі - Савецкі Саюз і Штаты, а зараз кожны сам за сябе. 

Адзін няўдалы крок, напрыклад, новыя ракеты сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе,  і крок над прорвай стане апошнім. Прычым літаральна. Аж да ядзернай вайны. Менавіта аб гэтым і аб тым, як зрабіць крок у бок ад бездані,  на тыдні разважалі ў фармаце "Мінскага дыялогу".

Беларуская сталіца прымала платформу  другі раз

І гасцінна сустрэла звыш 700 яркіх палітыкаў, дыпламатаў, кіраўнікоў і аналітыкаў з 6 дзясяткаў краін свету. Адзін гэты факт гаворыць, наколькі запатрабаваная сёння наша спакойная і канструктыўная пляцоўка для дыялогу, на якой эмацыянальна, але дзейсна могуць гаварыць АДКБ і НАТА, наш Еўразійскі саюз і саюз суседзяў - Еўрапейскі, Грузія і Расія, ЗША і Кітай.

У ключавы дзень форуму - у аўторак -  у адкрытую дыскусію ўступіў і Прэзідэнт Беларусі. Лідар падзяліўся з удзельнікамі дыялогу сваім поглядам на еўрапейскія і сусветныя разломы, агучыў ініцыятывы нашай дыпламатыі і крыху акунуў у гордзіеў вузел украінскага канфлікту. Уражанні ад сустрэчы з Зяленскім зрабілі ўражанне.

Ці чуюць мірныя ініцыятывы Беларусі эксперты і палітыкі? Ці гатовыя зрабіць першы крок ад прорвы сусветнага канфлікту без папярэдніх умоў? І чым скончыўся чарговы раўнд "Мінскага дыялогу", ведае наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў.

Наўрад ці другі "Мінскі дыялог" у поўным сэнсе стане першым крокам ад прорвы. Такую амбіцыйную задачу форум не ставіў. Хутчэй, палітыкі і эксперты сабраліся ў Мінску, каб у гэту бездань зазірнуць без ружовых акуляраў. У гэтым, дарэчы, першы вынік платформы - яшчэ год таму былі ілюзіі, што канфлікт хуткаплынны, а візаві атрымаецца праціснуць з пазіцыі сілы. Гэтым разам такога самазаспакаення было значна менш. 

Сямён Уралаў, палітычны аглядальнік (Расія): "Вузел супярэчнасцяў сцягваецца. Фактычна ў нас спыніліся зносіны з заходнімі калегамі, і мінская пляцоўка - гэта магчымасць прынамсі пачуць, што думаюць вядучыя эксперты ЗША, Брытаніі". 

Другі "Мінскі" па парадку дня не моцна адрозніваецца ад дыялогу першага. Справа ў тым, што ні адзін з ранейшых канфліктаў за год так і не вырашылі. Украіна, Афрыка, санкцыйныя войны, Брэксіт, Персідскі заліў і новая зброя ў Еўропе - усе карты на стале.  

Плюс за год дадаліся новыя: крах Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, гіганцкія ваенныя манеўры, новая зброя ў руках тэрарыстаў і мілітарызацыя басейнаў Чорнага мора і Балтыкі. Свету дзеля міру патрэбныя новыя ідэі і палітычная воля іх увасобіць, гавораць эксперты. А Мінск - гэта правільнае месца. 

Георгій Маргвелашвілі, экс-прэзідэнт Грузіі: "Гэта тая пляцоўка, гэта тая атмасфера, дзе бакі адчуваюць сябе камфортна - перадумовы, каб адкрыцца і пачаць размову". 

Дыпламатыі патрэбна гісторыя поспеху

Адкрываючы выступленнем пленарную сесію, Прэзідэнт Беларусі адзначае галоўны плюс - зацікаўленых у дыялогу ўсё больш. Беларусь гатовая прыняць і выслухаць усіх, але патрэбен вынік. Адна з надзённых ініцыятыў - дэкларацыя аб неразмяшчэнні ракет СМД (іх яшчэ называюць кінжальнымі)  -  народжана менавіта афіцыйным Мінскам. 

Акрамя крызісу ракетнага Усход - Захад, не меншае зло крыецца ў насычэнні рэгіёна так званымі звычайнымі ўзбраеннямі. Як быццам патэнцыяльным ахвярам будзе не ўсё роўна, загінуць яны ад ракеты або ад звычайнай гранаты, прывязанай скотчам да капеечнага беспілотніка. 

Расія і НАТА заклятыя партнёры?

Палеміку, зададзеную Прэзідэнтам, падхопліваюць экс-віцэ-генсак НАТА амерыканец Аляксандр Вершбоу і расійскі сенатар Аляксей Пушкоў. Альянс ужо традыцыйна абвінавачвае Маскву ў гонцы ўзбраенняў і прапануе ўнесці гіпергукавую зброю Расіі ў абноўлены дагавор. Навошта было ламаць ранейшы, рухаць свае базы і флот да меж АДКБ - пытанні, хутчэй, рытарычныя. Аляксандр Вершбоу гаворыць аб малых кроках да малога, але даверу. 

Аляксандр Расел Вершбоу, намеснік генеральнага сакратара НАТА (2012 - 2016 гг.): "Рэальнымі і практычнымі крокамі магло б стаць скарачэнне колькасці ваенных манеўраў у непасрэднай блізкасці ад нашых меж. І аб такіх вучэннях неабходна інфармаваць партнёраў загадзя. Трэба скараціць колькасць палётаў ваеннай авіяцыі паблізу меж і ва ўсіх выпадках выкарыстаць транспондары, сістэмы распазнання самалётаў". 

У частцы ваенных манеўраў словы эксперта абвяргаюць анонсы самога НАТА - найбуйнейшыя ў гісторыі вучэнні альянсу каля нашых меж  ужо ва ўсіх навінавых стужках. Прэзідэнт Беларусі рэагуе. 

Расія папярэджвае: на кожны недружалюбны крок будзем адказваць спакойна і асіметрычна. Даверу партнёрам больш няма. Тым больш Штатам, якія, паводле слоў сенатара, уступілі ў фазу  геапалітычнага эгаізму, плаціць за які  Еўропа. 

Недавер і страх у Еўропе мог бы загасіць новы вялікі дагавор, падобны да заключнага акта ў Хельсінкі. Такую ініцыятыву Беларусь ужо 2 гады прасоўвае на ўсіх платформах ад АБСЕ да Аб'яднаных Нацый. 

Асцярожна ідэю падтрымліваюць шматлікія палітыкі, асабліва малыя і сярэднія краіны. Але вось гіганты зрабіць першы крок  не адважваюцца. 

Аляксей Грамыка, дырэктар Інстытута Еўропы РАН (Расія): "Важна, каб мы падтрымлівалі адзін аднаго ў вялікіх ідэях, праектах. Гэта можа быць і запуск, нарэшце, перагаворнага працэсу паміж ЕС і ЕАЭС, гэта развіццё адносін паміж АДКБ і іншымі арганізацыямі. Беларусь назіральнік у ШАС. Гэта таксама адкрывае паміж нашымі краінамі магчымасці па супрацоўніцтве на гэтай пляцоўцы. І, безумоўна, ідэя "Хельсінкі-2", якая падтрымліваецца і Масквой, і Мінскам, я думаю, адна са стратэгічных ідэй, вельмі важна разам з гэтым працаваць". 

Дарэчы, дзед Аляксея - Андрэй Андрэевіч Грамыка -  быў адным з архітэктараў першай "разрадкі". Сёлета адзначаем 110 гадоў знакамітаму Містару Не, які ў сталіцы Фінляндыі выявіў мудрасць і згадзіўся на "Хельсінкі-1".

Для новай "разрадкі" патрэбна новая гісторыя поспеху 

Для новай Еўропы патрэбна новая гісторыя поспеху - гэты тэзіс Аляксандра Лукашэнкі цалкам падзяляе экс-прэзідэнт Грузіі. У прыклад ён прыводзіць  паспяховыя адносіны Мінска і Тбілісі. 

Георгій Маргвелашвілі, экс-прэзідэнт Грузіі: "Прэзідэнт Беларусі гаварыў, што нам патрэбна гісторыя поспеху, а я як раз магу назваць такі паспяховы прыклад. Пасля двух візітаў на вышэйшым узроўні нашы краіны змаглі дасягнуць выдатнай дынамікі ў эканоміцы і іншых адносінах. Пры гэтым Беларусь будуе саюзную дзяржаву з Расіяй, але гэта не перашкаджае нам знаходзіць узаемавыгадныя рашэнні. Проста мы паважаем адзін аднаго і ў нас ёсць агульныя праекты развіцця". 

Медыцынскі цвярозы разлік і халодны аналіз з Заграба 

Ярка на "Мінскам дыялогу" прагучала пазіцыя Балкан. Дзякуй экс-прэзідэнту Харватыі. Ён апісаў сучасную палітыку як павольную хваробу. Сёння яшчэ магчыма поўная рэмісія, але і смяротна небяспечны крызіс выдаліць, на жаль, немагчыма. 

Пад уражаннем ад гэтай метафары на палях форуму пройдзе сустрэча сан-насам з Прэзідэнтам Беларусі. Лідар падкрэсліць, як важна нам чуць халодны аналіз з сэрца гарачых Балкан. 

У дыялогу ўспаміналі не толькі гісторыю. Балканы і сёння пункт канфлікту звышдзяржаў. Захавай Еўропа Югаславію або будзь у малых і сярэдніх дзяржаў крыху больш самастойнасці,  як мінімум новых канфліктаў удалося  б пазбегнуць. 

Еўропа маўчыць?

Вельмі асцярожна на форуме прагучала пазіцыя Еўрасаюза. Некалі кіраўнік дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан пажадала заходняй інтэграцыі набыць свой моцны голас у сусветнай палітыцы. Голас не супраць ЗША, Расіі або Кітая, а проста свой уласны, у сваіх інтарэсах. Хоць спадарыня Эштан тут жа абмовілася, што для гэтага трэба давер выбаршчыкаў да еўрапалітыкаў. На фоне скандальнага выхаду роднай для баранесы Брытаніі з Еўрасаюза  заклік прагучаў непераканаўча. 

Украінскі пат

Хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе Украіна, дзе ранейшыя мінскія пагадненні дапоўнілі параўнальна новай формулай Штайнмаера - гэта адвод войскаў, выбары на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях і прамы дыялог. Беларусь  за перамовы, дапускае праўкі ў мінскія пагадненні і нават заклікае Злучаныя Штаты ўключыцца ў рашэнне. 

Галоўнае але -  без аднаўлення Данбаса і дакладнага выканання гарантый любая гульня скончыцца патавай сітуацыяй. 

Палітычная воля як прэамбула да міру

Аб Украіне прадоўжылі гаварыць і ў фармаце дыскусіі. Пытанне Прэзідэнту: што вынеслі з першых вялікіх перамоў у Жытоміры з Уладзімірам Зяленскім? 

Падтрымаць маладую каманду Зяленскага афіцыйны Мінск гатовы і словам, і справай. Першы зачын - Форум рэгіёнаў у Жытоміры. Рэальныя праекты і рэальныя сувязі па-за палітычным інтэршумам. Пра гэта ў  падзячным лісце беларускага лідара па выніках форуму. 

"Перакананы, што дамоўленасці, дасягнутыя ў Жытоміры, будуць абавязкова рэалізаваныя. Разлічваю на працяг актыўных і змястоўных кантактаў",  - падкрэсліў лідар. 

У гэтым жа слове падтрымкі запрашэнне  наведаць Беларусь з афіцыйным візітам у любы зручны час. У Кіеве давер ацанілі. Хоць, падзяляючы аптымізм Мінска ў двухбаковых адносінах, да мінскай кантактнай групы па Данбасе адносяцца скептычна. Час хуткіх рашэнняў  прайшоў 5 гадоў таму. 

Уладзімір Фясенка, кіраўнік праўлення Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў "Пента" (Украіна): "Сама ініцыятыва Мінска па такім шырокім агульнаеўрапейскім дыялогу па пытаннях бяспекі  вельмі актуальная. І думаю, яна мае пэўныя шанцы на поспех. Зноў жа няма ніякіх гарантый. Зараз няма гатоўнасці да вялікай рамачнай дамовы, але ёсць шанец,  гэты шанец трэба паспрабаваць выкарыстаць".

Сучасная палітыка, якая балансуе паміж вайной і мірам, сапраўды нагадвае экстрэмала над прорвай. Сарвецца дыпламатыя - увесь свет сарвецца ў новую бездань вайны ўсіх з усімі. Дыпламаты старэйшыя памятаюць, як хутка рвуцца страховачныя тросы, як доўга потым трэба падымацца наверх да міру. Вядома, калі ў свету будзе шанец устаць і пачаць новае ўзыходжанне.