У Маскве адкрываецца саміт ЕўрАзЭС

24 декабря 2013

Для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета напярэдадні ў расійскую сталіцу прыбыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Лідары абмяркуюць пытанні далейшай інтэграцыі і далучэння да яе новых краін.


Падрабязней парадак дня вывучыў наш маскоўскі ўласны карэспандэнт Максім Кароткін.


Афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя інтэграцыйнай тэматыцы, пачнуцца ў Маскве ўжо праз некалькі гадзін. Сёння ў Крамлі адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Чакаецца, што на гэтым саміце кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць паглыбленне інтэграцыі на постсавецкай прасторы і далучэнне да гэтых працэсаў новых удзельнікаў.


Аляксандр Лукашэнка прыбыў у расійскую сталіцу напярэдадні ўвечар. Беларускі борт №1 у 17 гадзін 30 хвілін прызямліўся ў аэрапорце Унукава. Пасля непрацяглай пратакольнай сустрэчы ля трапа самалёта Кіраўнік беларускай дзяржавы паехаў у рэзідэнцыю.


Сёння ў прэзідэнтаў даволі напружаны рабочы графік. У Екацярынінскай зале Крамля адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаў мытнай тройкі. Традыцыйна прэзідэнты перамовяцца ў вузкім складзе, а затым да Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева далучацца калегі з іншых краін, якія зацікаўленыя ў далучэнні да Мытнага саюза. Чакаецца, што ў пашыраным пасяджэнні прымуць удзел прэзідэнты Кыргызстана і Арменіі. Як паведамляюць СМІ, не выключаецца і ўдзел у абмеркаванні інтэграцыі і прадстаўнікоў Украіны.


У сераду тут жа, у Крамлі, Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. На якім мяркуецца разгледзець асноўныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў розных сферах.


Парадак дня гэтага мерапрыемства ўключае больш за дзесяць пунктаў. У тым ліку будзе абмяркоўвацца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, бюджэт Саюза на 2014 год, пытанне забеспячэння роўных правоў грамадзян у сацыяльнай сферы і падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.