Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг рабочых сустрэч

28 декабря 2015

З кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам Прэзідэнт абмеркаваў вынікі працы ведамства за год, а таксама планы па развіцці міністэрства. Сярод закранутых тэм - ініцыятывы па лібералізацыі наяўнай сістэмы правасуддзя. Дарэчы, падрабязныя прапановы па ўдасканаленні судовай сістэмы сёння прадставіў Прэзідэнту кіраўнік Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Па ініцыятыве Вярхоўнага суда працэсы павінны паскорыцца, а рашэнні будуць прымацца аператыўна. Галоўная ж ўстаноўка - на справядлівасць і гуманнасць у працы.

У заўтрашні дзень беларускага правасуддзя зазірнуў Аляксей Адашкін.

Не ломка, а ўдасканаленне. Менавіта такі падыход быў абраны для мадэрнізацыі беларускага правасуддзя. І МДВ, і судовая сістэма былі аптымізаваны такім чынам, каб павысілася якасць і аператыўнасць працы праваахоўных органаў. Сёння ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт разам са Старшынёй Вярхоўнага суда і кіраўніком МУС абмеркаваў далейшыя крокі па паляпшэнні айчынных закона і парадку.

У кабінеце ў Кіраўніка дзяржавы абстаноўка святочная, навагодняя. Аднак атмасфера - рабочая. Першым з дакладам да Прэзідэнта прыйшоў Старшыня Вярхоўнага суда. Валянцін Сукала пачынаў сваю кар'еру з працы суддзёй Мядзельскага раёна яшчэ ў 1968 годзе. Займаў пасады міністра юстыцыі БССР, быў першым намеснікам Вярхоўнага суда Савецкага Саюза. А са студзеня 97-га года ўзначальвае Вярхоўны суд Беларусі. Менавіта пры яго актыўным удзеле ў пачатку 2014 года была рэфармавана судовая сістэма нашай краіны. Адзін з яе галоўных вынікаў - аб'яднанне агульных і гаспадарчых судоў рэспублікі ў адзіную сістэму.

Сёння Валянцін Сукала прадставіў Кіраўніку дзяржавы спецыяльна распрацаваную праграму. Яна змяшчае падрабязныя прапановы па ўдасканаленні сістэмы правасуддзя ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Калі сцісла, то працэсы паскорацца, рашэнні будуць прымацца аператыўна, без непатрэбнай цяганіны. Суды стануць больш актыўна выкарыстоўваць электронны дакументаабарот і сучасныя тэхналогіі - такія, напрыклад, як відэаканферэнцыі. Але галоўная ўстаноўка - на справядлівасць і гуманнасць у працы.

Прэзідэнт сёння звярнуў увагу, што гуманізацыя правасуддзя магчымая ў першую чаргу ў дачыненні да эканамічных злачынстваў. Асобна была абмеркавана працэдура банкруцтва прадпрыемстваў.

Гуманізацыя правасуддзя становіцца магчымай шмат у чым за кошт таго, што агульная сітуацыя са злачыннасцю ў краіне даволі спакойная і знаходзіцца пад кантролем. Пра гэта ўжо ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з міністрам унутраных спраў. Ігар Шуневіч далажыў Кіраўніку дзяржавы, што сёння якіх-небудзь фактараў, што пагражаюць бяспецы, у Беларусі няма. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым станоўча ацаніў дзейнасць МУС. Пры гэтым даручыў узмацніць барацьбу з хуліганствам. Бо часам такія злачынствы разглядаюцца як несур'ёзныя, якія не ўяўляюць істотнай пагрозы.

Прэзідэнт асабліва пазітыўна ацаніў практыку актыўнага патрулявання вуліц у гарадах Беларусі. Такі метад працы праваахоўнікаў станоўча адбіваецца на грамадскай бяспецы. Ігар Шуневіч сёння прадставіў Кіраўніку дзяржавы план развіцця ведамства на найбліжэйшы час. Міністр прапанаваў канкрэтныя крокі па лібералізацыі наяўнай сістэмы правасуддзя. Напрыклад, міліцыя прапануе не штрафаваць вадзіцеляў, якія забылі правы дома.

Сёння Прэзідэнт правёў рабочыя сустрэчы з кіраўнікамі двух розных ведамстваў, якія аб'ядноўвае агульная мэта. Галоўная задача і МУС, і Вярхоўнага суда - зрабіць Беларусь яшчэ больш бяспечнай, а грамадзян краіны - абароненымі. Абодва ведамствы распрацавалі сваю дарожную карту руху да гэтай мэты.