У Мінску адбылася сустрэча Уладзіміра Макея з Вялікім канцлерам Суверэннага Мальтыйскага Ордэна

25 апреля 2016

У Мінску сёння адбылася сустрэча міністра замежных спраў нашай краіны Уладзіміра Макея з Вялікім канцлерам Суверэннага Мальтыйскага Ордэна Альбрэхтам фон Бёзелагерам. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння. Ключавая тэма перамоў - рэалізацыя сумесных гуманітарных праектаў.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Я асабліва хачу падзякаваць кіраўніцтву Мальтыйскага ордэна за тое супрацоўніцтва, якое мы маем. За рэалізацыю рознага кшталту гуманітарных праектаў. Гаворка ідзе пра пастаўкі рознымі асацыяцыямі, якія дзейнічаюць пад эгідай Мальтыйскага ордэна, абсталявання і медыкаментаў для патрэбаў беларускіх устаноў аховы здароўя. Гаворка ідзе аб арганізацыі стажыровак беларускіх урачоў у еўрапейскіх клініках і аказанні гуманітарнай дапамогі".

Альбрэхт фон Бёзелагер, Вялікі канцлер Суверэннага Мальтыйскага Ордэна: "Каля 20 гадоў таму Рэспубліка Беларусь і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн устанавілі дыпламатычныя адносіны. За гэты час мы дасягнулі высокага ўзроўню ўзаемадзеяння. У першую чаргу, мы засяродзіліся на аказанні падтрымкі дзецям. Тым, хто пражываў на тэрыторыі, забруджанай ад чарнобыльскай аварыі. А таксама тым, хто асірацеў або пазбавіўся аднаго з бацькоў".

Альбрэхт фон Бёзелагер знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным трохдзённым візітам. Вялікі канцлер Суверэннага Мальтыйскага Ордэна прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю чарнобыльскай катастрофы. На заўтра ў высокага госця запланаваны шэраг важных сустрэч.