У Астане падпісаны дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза

29 мая 2014

У сталіцы Казахстана подпісы пад важным дакументам паставілі кіраўнікі трох дзяржаў. Перш чым скласці знакавы дагавор, лідары Беларусі, Расіі і Казахстана правялі перамовы ў вузкім і пашыраным складах. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь не патрабуе ніякіх уступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі, бо з'яўляецца разам з Расіяй і Казахстанам удзельнікам раўнапраўнага працэсу. Як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, наша краіна заўсёды займала паслядоўную пазіцыю ў інтэграцыйным працэсе. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у тройкі яшчэ ёсць магчымасць зрабіць дамоўленасці лепшымі, да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дагавора.


Еўразійскі эканамічны саюз - адно з найбуйнейшых інтэграцыйных аб'яднанняў у свеце. Падпісанне дагавора аб яго стварэнні прайшло ўрачыста.


Новае інтэграцыйнае аб'яднанне павінна пачаць працу з 1 студзеня 2015 года. І сёння ж стала вядома, што Беларусь і Расія дамовіліся пра аб'ёмы паставак нафты і новы парадак пераліку экспартных пошлін на нафтапрадукты. Прадугледжваецца, што ў 2015 годзе ў бюджэт Беларусі будзе залічана паўтара мільярда долараў вывазных мытных пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты.