Украінскі Жытомір рыхтуецца прымаць II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны

2 октября 2019

У горадзе праходзяць актыўныя падрыхтоўчыя работы: спецыялісты ладзяць выставу буйнагабарытнай тэхнікі, рыхтуюць кірмаш мастацтваў і, вядома, пакуль яшчэ кулуарна абмяркоўваюць новыя кантракты і дамоўленасці паміж Мінскам і Кіевам. Нагадаем, што першы такі форум у Гомелі ўцяжарыў партфель кантрактаў больш як на 100 мільёнаў долараў. А наступныя два дні пакажуць, на што яшчэ здольныя рэгіёны Беларусі і Украіны ў кааперацыі. У Жытоміры працуе і наша здымачная група. Аляксей Волкаў азнаёміўся з падрыхтоўкай да вялікага мерапрыемства.

II  Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны стартуе ўжо заўтра ў Жытоміры. І горад, трэба сказаць, падышоў да гэтага мерапрыемства больш чым маштабна. Зараз мы знаходзімся на Саборным майдане. Тут ужо рыхтуюць вялікую выставу буйнагабарытнай тэхнікі,  тут жа пройдзе першая афіцыйная сустрэча двух прэзідэнтаў -  Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. І лідарам будзе што абмеркаваць апроч эканамічнага супрацоўніцтва. Мінск, больш дакладна, мінскія пагадненні зноў у топе навін пасля таго, як гаспадар Банкавай згадзіўся на "формулу Штайнмаера" - працэс вяртання міру на Данбас, гэта такая надбудова над Мінскам-2. У цэлым жа  Беларусь і Украіна падышлі да форуму з надзеяй на значнае ўмацаванне адносін.

Каралеўскі гандлёвы шлях, прамысловы гігант, Жытомір -  адзін з найстарэйшых гарадоў Украіны. Пры насельніцтве  265 тысяч чалавек  - гэта ключавы цэнтр паўночна заходняй часткі суседняй краіны і транспартная артэрыя рэгіёна. Дарэчы, з беларускім тут знаёмыя: больш за год па вуліцах ездзяць нашы аўтобусы. А яшчэ Жытомір - аграрны цэнтр прыцягнення, таму адна з ключавых экспазіцый Форуму рэгіёнаў - выстава буйнагабарытнай тэхнікі. Апараты з Беларусі добра прыжыліся на ўкраінскіх палях.

Плануецца, што на форуме прадставяць усе сферы супрацоўніцтва, але, вядома, прыярытэт - эканоміка рэгіёнаў. Тавараабарот Мінска і Кіева за гэты год - каля 3 мільярдаў долараў, відавочна, можам больш. І такія сустрэчы - той самы імпульс для бізнесу і прадпрыемстваў, што з суседзямі можна не толькі сябраваць, але і выгадна працаваць.

Асобнае месца ў праграме  - культурным сувязям беларусаў і ўкраінцаў. У сэрцы Жытоміра збяруцца мастакі, рамеснікі, музыканты. Прычым арганізатары вырашылі не проста зрабіць два крылы - беларускае і ўкраінскае,  а змяшаць усіх.