Сёння з трохдзённым візітам у Беларусь прыбудзе прэм'ер-міністр Пакістана

10 августа 2015

Наваз Шарыф правядзе шэраг афіцыйных сустрэч, наведае машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Ужо сёння з высокім госцем правядзе перамовы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Падрабязнасці візіту - у Ілоны Красуцкай.

З іх апошняй сустрэчы прайшло крыху  больш за два  месяцы. У маі Кіраўнік беларускай дзяржавы ажыццявіў  першы афіцыйны візіт у Пакістан. Тады Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Прэзідэнтам гэтай краіны Мамнунам Хусейнам і прэм'ер-міністрам Пакістана. Сёння Наваз Шарыф прыбудзе ў Беларусь. Відавочна, такі  хуткі  візіт  у адказ  сведчыць аб намеры краін як мага хутчэй развіваць супрацоўніцтва ў розных сферах.

Ужо на працягу трох дзён у Мінску разам з беларускімі калегамі працуе прадстаўнічая дэлегацыя Пакістана. Дзелавым колам  абедзвюх краін не прыйшлося пачынаць з чыстага ліста.

Бо ў маі ў Ісламабадзе пабывала вялікая беларуская дэлегацыя. У яе склад увайшлі міністры, кіраўнікі буйных дзяржаўных і прыватных   структур, прадпрымальнікі. У выніку партфель кантрактаў важыў больш  як 50 мільёнаў долараў. Буйныя гандлёвыя пагадненні  склалі 

"Беллегпрам", МТЗ, БелАЗ, Нафтан, Белшына. Гаворка ідзе аб продажы гатовай прадукцыі, пастаўцы камплектуючых  і стварэнні зборачных вытворчасцяў.

На працягу апошніх васьмі гадоў аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Пакістанам вагаўся ў межах ад 50 да 120 мільёнаў долараў за год. Паміж тым  краіны бачаць сур'ёзныя перспектывы ў нарошчванні двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. І перш за ўсё за кошт   экспарту беларускай прамысловай прадукцыі па шырокім спектры найменняў.  

Пакістан -  шостая па насельніцтве ў свеце краіна. Займае сёмае месца па экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі. Для беларускіх машынабудаўнікоў  гэта краіна з'яўляецца адным з ключавых рынкаў збыту трактароў па-за краінамі СНД. І ўжо сёлета МТЗ плануе на траціну павялічыць продаж трактароў у Пакістане.  Абноўленая лічба - 4 тысячы адзінак. А ўжо новыя кантракты абмяркуюць у аўторак. У Мінску адкрыецца бізнес-форум. Удзел у ім на дадзены момант пацвердзілі каля 20 пакістанскіх кампаній. З бізнесменамі асабіста сустрэнуцца Кіраўнік беларускай дзяржавы і прэм'ер-міністр Пакістана.

У пакістанскага прэм'ера, сапраўды, насычаная праграма візіту. А ён трохдзённы. Борт высокага госця чакаюць у Мінску да абеду. А ўжо ў чатыры гадзіны запланаваны перамовы з Прэзідэнтам Беларусі.