Пратакол аб спыненні агню ў Данбасе падпісаны ў Мінску

5 сентября 2014
Безумоўна, цэнтральная тэма дня, якая прыкоўвала да сябе ўвагу журналістаў з усяго свету, - гэта перамовы ў Мінску трохбаковай кантактнай групы (Украіна - Расія - АБСЕ). Напярэдадні Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка анансаваў загад аб спыненні агню на паўднёвым усходзе, калі на сённяшніх перамовах бакі змогуць дамовіцца наконт міру. Гэта дадало градус і ў без таго напружанае чаканне вынікаў. І вось у Беларусі змаглі знайсці першы кампраміс. Удзельнікі мінскай сустрэчы падпісалі пратакол аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны сёння а 18-й гадзіне, а крыху пазней Пётр Парашэнка аддаў адпаведны загад - спыніць агонь. Адзначым, раней гучалі меркаванні скептыкаў наконт таго, што работа групы не прынясе вынікаў. Аднак ужо сёння фармулёўкі зусім іншыя, а загалоўкі такія: Мінскія дамоўленасці прынеслі мір Украіне.

Рэпартаж Ілоны Красуцкай.

26 жніўня. Гэтую сустрэчу ў фармаце Еўразійская тройка - Украіна - ЕС па праве можна назваць лёсавызначальнай. Менавіта з гэтага дня пачаўся рух да міру ва Украіне. Мінск стаў перагаворнай пляцоўкай па ўрэгуляванні праблем на ўсходзе краіны. Падчас саміту беларускую сталіцу вызначылі і як месца для далейшых перамоў кантактнай групы Украіна - АБСЕ - Расія. Скептыкі сцвярджалі: яе праца наўрад ці прынясе плён. Але сёння ўжо ўзялі свае словы назад. Мінскія дамоўленасці прынеслі мір Украіне.

Першыя пасяджэнні рабочай групы адбыліся 31 жніўня і 1 верасня. У гэты панядзелак абмяркоўвалі ўмовы спынення агню, абмен палоннымі і гуманітарную дапамогу. Бакі абмяняліся прапановамі па нармалізацыі сітуацыі ў Данбасе. І дамовіліся зноў сустрэцца ў Мінску ў гэтую пятніцу.

Знаходзіць кампрамісы для дасягнення міру на ўсходзе Украіны ў Мінск сёння прыбылі другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка, віцэ-прэм'ер ДНР Андрэй Пургін, а таксама кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі.

Пачатак перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне сёння значыўся ў дзве гадзіны дня. Аднак журналісты сталі збірацца ля уваходу ў Прэзідэнт-атэль (дзе чакалі гасцей) яшчэ апоўдні. Безумоўна, усе чакалі гучных заяў. Аднак удзельнікі сустрэчы былі нешматслоўныя.
Адзіны, хто згадзіўся даць разгорнуты каментарый, - экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.
Папярэднія пасяджэнні кантактнай групы праходзілі ў закрытым фармаце. Другі прэзідэнт Украіны адзначыў пільную ўвагу СМІ і з парога заявіў, што прыехаў у Мінск па мір.

Трэці раўнд перамоў пачаўся нават ранней за заяўлены час. Больш чым дзве гадзіны журналісты чакалі ў холе Прэзідэнт-атэля. Але чаканне было вартае таго. Удзельнікі сустрэчы перапынілі перамовы для гучнай заявы - пратакол аб спыненні агню ў Данбасе падпісаны.

Словы кіраўніка Луганскай народнай рэспублікі пацвярджае і прэм'ер ДНР Аляксандр Захарчанка. Мінскія пагадненні дазволяць спыніць кровапралітны канфлікт ва Украіне, а значыць і захаваць жыцці тысяч людзей.

Пасля ўдзельнікі сустрэчы зноў адправіліся на перамовы ў закрытым фармаце. А знакавую навіну адразу падхапілі вядучыя замежныя СМІ. Самы важны крок па вырашэнні ўкраінскага крызісу актыўна каменціруюць і вітаюць сусветныя палітыкі.

Прэс-служба Прэзідэнта Расіі: У адміністрацыі прэзідэнта Расіі вітаюць падпісанне ў Мінску пратакола па выніках кансультацый кантактнай групы па рэалізацыі ініцыятыў прэзідэнтаў Расіі Уладзіміра Пуціна і Украіны Пятра Парашэнкі. У Маскве выказваюць надзею на тое, што ўсе палажэнні дакумента і дасягнутыя дамоўленасці будуць дбайна выконвацца бакамі, а таксама на працяг перагаворнага працэсу для поўнага ўрэгулявання крызісу.


Турбьёрн Ягланд, генеральны сакратар Савета Еўропы: Усе, з кім я гаварыў у Маскве ўчора і ў Кіеве дагэтуль, хацелі пакласці канец кровапраліццю і жадалі, каб пачалося перамір'е. Я рады чуць, што зараз гэта стала рэальнасцю.


Андэрс Фог Расмусен, генеральны сакратар НАТА: Аб'яўленне перамір'я - гэта толькі першы крок, наступны найважнейшы крок - гэта яго паўнавартасная рэалізацыя. Спадзяюся, што гэтыя пагадненні стануць пачаткам канструктыўнага палітычнага працэсу на Украіне.


Прэс-служба Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе: Старшыня АБСЕ вітае сённяшняе пагадненне ў Мінску аб спыненні агню і аб запуску палітычнага працэсу для пераадолення крызісу.


Перамовы кантактнай групы доўжыліся больш за 4 гадзіны. Затым удзельнікі сустрэчы ізноў выйшлі для заявы да прэсы. Адным з першых вынікі падвёў экс-прэзідэнт Украіны. Леанід Кучма падзякаваў Беларусі і асабіста Аляксандру Лукашэнку за стварэнне спрыяльных умоў для вядзення перамоў.

Відавочна, што зроблены вялізны крок да вырашэння такога сур'ёзнага крызісу. Беларуская сталіца сабрала той самы круглы стол, пра неабходнасць якога палітыкі ўсяго свету гаварылі некалькі месяцаў, і ёсць вялізная надзея, што мінскі мір адправіў у гісторыю кровапралітны канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны.