Прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў сталі асноўнымі ўдзельнікамі выбарчых камісій

28 июня 2016

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму каналу заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

У студыі Белтэлерадыёкампаніі адбыўся запіс новага звароту для інфармацыйнага рэсурсу да парламенцкіх выбараў. Напярэдадні завяршылася фарміраванне акруговых камісій. Менавіта яны вызначаць парадак вылучэння кандыдатаў у кожным раёне. А ўжо зараз патэнцыяльныя прэтэндэнты на месцы ў парламенце могуць падаваць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Нагадаем, у гэту нядзелю, 3-га ліпеня, пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Фінальная дата для гэтага этапу кампаніі - 1 жніўня.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "У нас конкурс склаў больш чым чалавек на месца ў склады выбарчых камісій. Але гэта не вельмі зайздросны бізнес. Гэта праца. Таму вось такое актыўнае вылучэнне ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў гаворыць пра тое, што ў гэтых структур ёсць свая цікавасць у выбарах. Я разлічваю на гэтую актыўнасць. Парламент - тое месца, куды накіроўваецца шмат палітыкаў, і якія мараць аб гэтым статусе".

Сёння ж Цэнтрвыбаркам зацвердзіў склад наглядальнага савета па кантролі за перадвыбарнай агітацыяй у СМІ. Яго ўдзельнікаў вызначылі на чарговым пасяджэнні. Старшынёй савета стаў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. У склад таксама ўвайшлі першы намеснік гендырэктара БЕЛТА Аксана Кірыльчык, першы намеснік галоўнага рэдактара газеты "СБ.Беларусь сегодня" Міхаіл Лябедзік, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў і іншыя вопытныя прадстаўнікі мас-медыя Беларусі. Планавалася, што савет будзе працаваць адзін месяц. Зараз тэрмін павялічаны для таго, каб адсочваць, ці не вядзецца дачасная агітацыя. Пры ЦВК ужо зарэгістраваны шэсць нацыянальных і дзевяць міжнародных назіральнікаў. Не пазней за 9 ліпеня завершыцца стварэнне выбарчых участкаў.