Сотню аленяў выпусцяць у паляўнічыя ўгоддзі

27 января 2015

Сотню аленяў выпусцяць увосень у паляўнічыя ўгоддзі цэнтральнага рэгіёна. Высакародных жывёл таварыствы паляўнічых і рыбаловаў набылі ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Зараз парнакапытныя жывуць за агароджай у вальерах у Мінскім і Смалявіцкім раёнах. Да таго ж спецыялісты пашыраюць і папуляцыю дзікіх качак. Для гэтага будуюць штучныя гнёзды. Як самі паляўнічыя ахоўваюць і павялічваюць фаўну ў лясах вобласці, раскажа Аляксандр Харавец.

Егер Уладзімір Краснагурцаў штодзень прыязджае ў вальер падкарміць аленяў. Любімы ласунак, паводле слоў спецыяліста, у высакародных жывёл морква і буракі. Да егера жыхары лясоў прызвычаіліся, пазіраваць жа на камеру не спяшаюцца.

Пакуль у вальеры ўсяго 15 аленяў. Хутка да іх далучацца яшчэ паўсотні. У асноўным гэта дарослыя самкі і сяголеткі. Для іх гадавання створаны ўсе ўмовы: сажалка, запас кармоў і нават вітамінныя саланцы. Увосень вальер разгародзяць і жывёл выпусцяць на волю.

А вось так будуюць гнёзды для дзікіх качак. Штучныя дамы засцерагаюць птушак ад драпежнікаў і дазваляюць значна пашырыць папуляцыю качак.

Гняздо для качак - гэта звычайная драўляная скрыня з двума ўваходамі. Усталёўваюць яго за метр над узроўнем вады. Акрамя гэтага, слупы абавязкова абіваюць тонкай бляхай. Для таго каб драпежнікі не змаглі дабрацца да птушанят.

Эксперымент па будаўніцтве штучных гнёздаў для дзікіх качак у Смалявіцкім раёне паляўнічыя і рыбаловы разам з супрацоўнікамі Акадэміі навук распачалі два гады таму. Зараз на гэтым возеры каля ста пяцідзесяці такіх дамоў.

Спецыялісты адзначаюць: спачатку качкі з асцярожнасцю ставіліся да такіх дамоў. І толькі пяць працэнтаў з іх засяляліся. Аднак пасля таго як гнёзды мадэрнізавалі - зрабілі два ўваходы, - у большасці з іх увесну чуюцца галасы птушанят.