Пленарнае пасяджэнне ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пачалося ў Мінску

8 июня 2016

Удзел у маштабным мерапрыемстве прымуць прэзідэнты Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка выступіць перад удзельнікамі форуму, а пасля пройдзе сустрэча з Уладзімірам Пуціным.

У Палацы Рэспублікі працуе наш карэспандэнт Аляксей Адашкін.

Усе ўдзельнікі прадстаўнічага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі сёння сабраліся ў Палацы Рэспублікі. Гадзіну таму тут пачалося пленарнае пасяджэнне. Калі на першай такой маштабнай канферэнцыі два гады таму ў Мінску абмяркоўвалі аграрную палітыку, на другой, у мінулым верасні ў Сочы, у цэнтры ўвагі была ўжо прамысловасць. А зараз, на трэцім форуме рэгіёнаў, галоўная тэма - гэта развіццё сацыяльнай сферы. Але, зразумела, эканамічныя пытанні чырвонай ніткай праходзяць праз усе абмеркаванні, якія ўжо былі, і якія яшчэ толькі адбудуцца.

Наогул, варта адзначыць, што Форум рэгіёнаў у свой час ініцыявалі верхнія палаты парламентаў Беларусі і Расіі. Менавіта сенаты з'яўляюцца органамі рэгіянальнага прадстаўніцтва. Таму мадэратарамі абмеркавання тут, у Палацы Рэспублікі, з'яўляюцца Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і Кіраўнік Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка. У Мінск для ўдзелу ў форуме прыбылі дэлегаты з 43 расійскіх рэгіёнаў. У іх ліку 13 губернатараў і 3 старшыні ўрада. Некаторыя з іх упершыню прыляцелі ў Беларусь. Напярэдадні яны наведалі нашы прамысловыя, адукацыйныя, сельскагаспадарчыя і культурныя аб'екты. Пазнаёміліся з найлепшымі ўзорамі беларускай прадукцыі, якая такім чынам напэўна зможа хутчэй трапіць у гандлёвыя сеткі расійскіх абласцей. Вынікам форуму стане і падпісанне вялікага партфеля з кантрактамі. Гэтая цырымонія адбудзецца прыкладна праз гадзіну. Паводле папярэдніх падлікаў, агульная сума камерцыйных пагадненняў можа перавысіць 300 мільёнаў долараў. Летась тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй у грашовым выразе прасеў. Таму роля форуму рэгіёнаў - у тым ліку і ў актывізацыі сумеснага гандлю. Ажыўленне ў гэтай сферы напрамую паўплывае і на рашэнне сацыяльных пытанняў.

У Палац Рэспублікі сёння прыбудуць і прэзідэнты дзвюх краін. Адзначым, для Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна гэта будзе ўжо чацвёртая сустрэча з пачатку года. Як не раз падкрэслівалі ўдзельнікі форуму, менавіта аб'яднанне намаганняў дзвюх краін дапамагло нам памякчыць наступствы ваганняў на знешніх рынках. А міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое звычайна называюць падмуркам адносін, зараз можа стаць лакаматывам, які будзе рухаць наперад узаемную эканоміку. Зусім хутка да прэсы выйдуць Міхаіл Мясніковіч і Валянціна Мацвіенка, каб агучыць папярэднія вынікі форуму. Мы будзем трымаць вас у курсе ўсяго таго, аб чым гавораць сёння ў Палацы Рэспублікі.