На ўсходзе Украіны знізілася колькасць выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню

4 октября 2017

Гэта па выніках сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік. Дыпламат канстатаваў, што зніжэнне напружанасці і колькасці ахвяр адбылося дзякуючы так званаму хлебнаму перамір'ю (яно было аб’яўлена летам), а таксама дасягнутым у Мінску дамоўленасцям аб спыненні агню ў зоне канфлікту ў сувязі з пачаткам навучальнага года.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Паводле звестак ААН, у верасні колькасць ахвяр сярод цывільных асоб была самай нізкай за ўвесь час канфлікту - 2 забітыя і 16 параненых. Кожная ахвяра - гэта вельмі шмат, але, тым не менш, трэба бачыць гэтую станоўчую тэндэнцыю. Аднак мы, на жаль, не можам гаварыць пра тое, што агульная сітуацыя ў зоне канфлікту застаецца стабільнай. Таму трохбаковая кантактная група і надалей будзе прыкладаць усе намаганні для далейшага забеспячэння рэжыму бестэрміновага спынення агню".

І сёння пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны, а таксама працэс рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў з Марцінам Сайдзікам абмеркаваў кіраўнік беларускага МЗС. Уладзімір Макей падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку і надалей у поўнай меры садзейнічаць рабоце трохбаковай кантактнай групы.