На прамой сувязі са студыяй - інфармацыйны цэнтр

12 октября 2015

А зараз на прамой сувязі са студыяй - інфармацыйны цэнтр. Ён адчынецца ўжо праз гадзіну. У Палацы Рэспублікі працуе мая калега Вольга Макей (прамое ўключэнне)

У інфармацыйным цэнтры ў Палацы Рэспублікі пакуль людзей няшмат. Усё-такі папярэдняя ноч і для журналістаў, і для назіральнікаў была вельмі насычанай на падзеі. Тым не менш, рэпарцёры пачынаюць тут збірацца, таму што менш чым праз гадзіну тут пачнецца прэс-канферэнцыя з удзелам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Яна аб’явіць папярэднія вынікі выбараў. Напярэдадні Палац Рэспублікі быў галоўнай інфармацыйнай пляцоўкай. Тут да ночы працавалі дзясяткі рэпарцёраў. Самыя свежыя звесткі Цэнтрвыбаркам агучваў падчас прэс-канферэнцый. Таксама будзе і сёння. 

Нагадаем, на выбарах Прэзідэнта Беларусі акрэдытаваны каля тысячы рэпарцёраў. Большая частка з іх - супрацоўнікі замежных сродкаў масавай інфармацыі. Аб ходзе палітычнай кампаніі ў нашай краіне распавядаюць журналісты з 30-ці краін. Для іх у інфармацыйным цэнтры арганізаваны вялікі прэс-цэнтр. Палац Рэспублікі стаў яшчэ і дыскусійнай пляцоўкай для міжнародных назіральнікаў.

Дарэчы, плануецца, што ў 10.30 месцы за галоўным сталом у зале для прэс-канферэнцый зоймуць назіральнікі ад СНД. Дарэчы, ад Садружнасці на выбарах акрэдытавана больш як 380 спецыялістаў з 9-ці краін. Папярэднія ацэнкі мы пачуем ужо сёння. Крыху пазней месца за сталом зоймуць назіральнікі з Кітая.