На працягу Усебеларускага народнага сходу ўключана гарачая лінія

22 июня 2016

Сёння ў кожнага ёсць рэальная магчымасць паўплываць на будучыню краіны. На працягу Усебеларускага народнага сходу ўключана гарачая лінія, гэта 7 шматканальных тэлефонаў, сёння яны пачалі працаваць у 11 гадзін раніцы. На апошнюю хвіліну працы цэнтра сувязі, а зачыніўся ён роўна ў 6 вечара, патэлефанавалі тры з паловай сотні беларусаў. Са сваімі праблемамі тэлефануюць з усіх рэгіёнаў краіны, але пакуль лідзіруе Мінск. Узначальвае топ зваротаў - жыллёва-камунальнае пытанне, а таксама тэмы аховы здароўя і сацыяльнай падтрымкі. Што яшчэ хвалюе беларусаў, раскажа Улада Карніцкая.

Гэты чалавек не можа нармальна трапіць у сваю кватэру. Вузкія дзверы да канца не адчыняюцца, высокі парог, а яшчэ ліфт, які не працуе, сталі для Генадзя Савасцені сапраўднай паласой перашкод на калясцы. Два гады мужчына дабіваўся ўстаноўкі пандуса і механічнага пад'ёмніка. З тых часоў выходзіць на вуліцу і паднімацца на восьмы паверх, гаворыць, стала лягчэй. А вось ліфт у дзевяціпавярховіку не змянялі з года пабудовы дома па сталічнай вуліцы Альшэўскага.

Менавіта гэта паабяцалі Генадзю Савасценю - сёння мужчына са сваёй праблемай звярнуўся на гарачую лінію Пятага Усебеларускага народнага сходу.

Патэлефанаваць на гарачую лінію можа кожны беларус - гэта магчымасць не толькі далучыцца да важнай палітычнай падзеі краіны не выходзячы з дома, але, што самае галоўнае, агучыць свае ідэі, рашэнні праблем і прапановы. Знаходзіцца цэнтр сувязі прама ў Палацы Рэспублікі. Афіцыйна адкрыўся ён сёння роўна ў 11 гадзін раніцы, але першы званок тут прагучаў яшчэ ў 10-ць.

Усяго тут працуе 14 аператараў - двое на адной лініі. Калі адзін рэгістратар ужо адказаў на званок, яго трэба аформіць вось у такім бланку. У гэты час на іншым канцы провада беларусы ўжо пачуюць голас другога аператара.

Алена Дэжамесава аператарам працуе ўпершыню. Гаворыць, галоўная складанасць - псіхалагічны кантакт з тым, хто патэлефанаваў. Бо адна гутарка можа доўжыцца да 20 хвілін.

Алена Дэжамесава, галоўны саветнік упраўлення аграпрамысловага комплексу апарата Савета Міністраў Беларусі: "Той грамадзянін, які дазваніўся, вядома, хвалюецца сапраўды гэтак жа, як хвалюемся мы, таму што гэта бывае не так часта, каб напрамую кантактавалі. Усё-такі пытанне трэба каротка і змястоўна данесці да людзей, якія будуць яго разглядаць".

А разглядаць звароты будзе спецыяльная рабочая група - гэта прадстаўнікі дзяржкіравання і Адміністрацыі Прэзідэнта. Ні адно з пытанняў не застанецца без увагі і адказу, абяцаюць спецыялісты. Згодна з планамі, апрацоўка званкоў і тэлеграм завершыцца на гэтым тыдні.

Датэлефанавацца на гарачую лінію ёсць магчымасць яшчэ ў кожнага, працаваць яна будзе і заўтра з 10 раніцы да гадзіны дня.