Мінскі фармат перамоў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу апраўдаў сябе

12 февраля 2016

Такое меркаванне выказаў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей учора на міжнароднай канферэнцыі ў гонар гадавіны саміта. У беларускай сталіцы сабраліся дыпламаты і палітолагі з дзясятка краін, уключаючы "нармандскую чацвёрку". Галоўная тэма абмеркавання - вострыя супярэчнасці мірных перамоў. Як адзначыў Уладзімір Макей, зацягванне перамоў пагражае замарозкай канфлікту на гады наперад.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мінскі фармат апраўдаў сябе, і калі б усе зацікаўленыя бакі выконвалі тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя год таму ў рамках мінскага фармату, то я перакананы, што канфлікт ва Украіне ўжо даўно быў бы спынены. Што датычыцца пашырэння гэтага фармату, ведаеце, калі б гэта спрыяла найхутчэйшаму аднаўленню міру і стабільнасці ва Украіне, богам просім, на гэта можна было б спакойна пайсці".

Санака Самарасінха, прадстаўнік ПРААН у Беларусі: "Як прадстаўнік Аб'яднаных Нацый, я вельмі ўдзячны за ўсё, што зрабіла і працягвае рабіць Беларусь для рашэння канфлікту. Ваша краіна і Прэзідэнт Лукашэнка асабіста ўнеслі вялізны ўклад у выпрацоўку мінскіх мірных пагадненняў і дыпламатычнае рашэнне крызісу. Самі пагадненні год таму сталі выключна важным крокам наперад. Прагрэс відавочны нават скептыкам. Асабліва важныя такія аспекты, як паніжэнне інтэнсіўнасці канфлікту, спыненне шырокамаштабных баявых дзеянняў, паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі".

Нагадаем, 11 і 12 лютага мінулага года ў Мінску прайшла сустрэча лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі. Па выніках саміта, які доўжыўся цэлых 16 гадзін, кіраўнікі чатырох дзяржаў прынялі дэкларацыю ў падтрымку мінскіх пагадненняў. У прыватнасці, было прынята рашэнне аб спыненні агню, абмене палоннымі і адвядзенні ўзбраенняў.