Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі

10 апреля 2024

12 красавіка адзначаецца Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Спецыяльна да свята ў праграме тэлеканалаў медыяхолдынга з'явяцца тэматычныя выпускі ўпадабаных перадач і дакументальныя кінастужкі з фонду Белтэлерадыёкампаніі.

Сёлета ўвага беларусаў да тэмы вывучэння космасу асабліва вялікая. Зусім нядаўна ў складзе экіпажа карабля "Саюз МС-24" з Міжнароднай касмічнай станцыі вярнулася першая жанчына-касманаўт суверэннай Беларусі Марына Васілеўская. Важнай гістарычнай падзеі нададуць максімум увагі і ў святочны дзень.

Традыцыйна першымі ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" павіншуюць суайчыннікаў з Сусветным днём авіяцыі і касманаўтыкі вядучыя "Добрай раніцы, Беларусь!".

Падрабязна пра тое, як пакарала космас беларуская каманда - 12 красавіка на тэлеканале "Беларусь 1" у аўтарскім фільме Анастасіі Бенедзісюк "Цяжкая дарога ў космас".

На тэлеканале "Беларусь 2" у святочны дзень выйдуць тэматычныя выпускі моладзевых праграм.

12 красавіка тэлеканал "Беларусь 3" звернецца да фонду Белтэлерадыёкампаніі і пакажа тэматычныя дакументальныя фільмы. У 22:55 у эфір выйдзе стужка "Адной зоркі я паўтараю імя…" (рэжысёр У. Бокун, 1981), якая раскажа пра ўраджэнца Брэсцкай вобласці, двойчы Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта СССР Пятра Клімука.

Не застанецца без увагі і самая маленькая аўдыторыя сацыякультурнага тэлеканала. Дзіцячыя перадачы "Дабраранак" і "Калыханка" ў святочны дзень прапануюць дапытлівым гледачам мультфільмы на касмічную тэму.