Мінск ізноў стане пляцоўкай для перамоў "нармандскай чацвёркі"

23 ноября 2016

Мінск гатовы забяспечыць усе ўмовы для правядзення сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі", калі ўдзельнікі перагаворнага працэсу аб такой сустрэчы дамовяцца, - паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Беларусі. Некалькі гадзін таму міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ён сумесна з французскім калегам Жан-Маркам Эйро прапанаваў кіраўнікам МЗС Украіны і Расіі зноў сабрацца ў беларускай сталіцы. Паводле слоў Штайнмаера, неабходнасць правесці перамовы выкліканая пагаршэннем сітуацыі ў Данбасе.

Становішча на ўсходзе Украіны сёння ў Мінску абмяркоўвае і трохбаковая кантактная група. Пасяджэнне традыцыйна праходзіць у закрытым рэжыме. 

З хвіліны на хвіліну ў "Прэзідэнт-гатэлі" пачнецца прэс-канферэнцыя спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка, які распавядзе аб выніках пасяджэння.