Лукашэнка аб вырашэнні сітуацыі ў Расіі: Няма ў гэтай справе герояў

28 июня 2023

Пагроза новага глабальнага канфлікту ніколі не была так блізка, як сёння. І згуртаванасць нашых народаў зараз вельмі важная. Гэта пацвердзілі і падзеі мінулых выхадных у Расіі. Сітуацыя вакол ПВК "Вагнер" стала (без перабольшання) галоўнай навіной апошніх дзён. Таму, чакана, абрасла шматлікімі ўкідамі і фэйкамі ад апанентаў.

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні развеяў гэтыя міфы, расставіў усе кропкі над "i" ў вырашэнні няпростай сітуацыі і падзяліўся матывамі дзеянняў усіх бакоў перамоў. Як бы камусьці не хацелася нагрэць на гэтым рукі або ўбіць клін паміж Мінскам і Масквой, не выйдзе. Гэта выразна чыталася падчас усяго выступлення нашага Прэзідэнта. Падыход беларускага лідара ў перамовах з кіраўніком групы "Вагнер" першапачаткова быў максімальна ўзважаным.

Быў выбраны аптымальны варыянт, які дазволіў не дапусціць пачатку масавай бойні па ўсёй Расіі і захаваць, у тым ліку мірнае неба і над нашай краінай. Надзейнае саюзнае плячо апынулася дарэчы. Вырашэнне няпростага пытання - плён намаганняў прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Але Аляксандр Лукашэнка просіць не рабіць з іх герояў. Называючы недаглядам тое, што не змаглі загадзя прадбачыць такое развіццё падзей. А "ўра-патрыётаў" і сярод беларусаў, і сярод расіян, якія прагнуць расправы над мяцежнікамі, перасцерагае ад такіх настрояў і раіць не распальваць гэты канфлікт ізноў.

Жыццё без вайны - вынік штодзённай працы, якая не заўсёды відаць. Але гэта праца патрабуе каласальных намаганняў, а часам і рызыкі для жыцця. Прэзідэнт уручыў пагоны вышэйшаму афіцэрскаму саставу і падзякаваў усім за самаадданую службу Радзіме. Пагоны генерала - не проста новае званне. Гэта першым чынам найвысокая адказнасць за лёс краіны, за мір на роднай зямлі і бяспеку грамадзян.