Дасягнутыя дамоўленасці паміж Іранам і Беларуссю ацэньваюцца ў $100 млн

13 марта 2023

Адносіны паміж Іранам і Беларуссю за апошнія два гады дэманструюць прарыў. Цяперашні, ужо трэці па ліку, візіт Прэзідэнта ў Тэгеран надасць новы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву.

Перспектывы партнёрства абмеркавалі сёння з Прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі. Але спачатку афіцыйная частка - усё па правілах пратаколу: рота ганаровай варты, гімны дзвюх краін, чырвоная дывановая дарожка. Сустрэлі беларускага лідара ў рэзідэнцыі ўрачыста.

Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Ірана

Спачатку перамовы ў вузкім фармаце. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Эбрахіма Раісі доўжылася амаль гадзіну. Пазней да прэзідэнтаў далучыліся члены дэлегацый. Адносіны паміж нашымі краінамі дэманструюць прарыў. Так, напрыклад, у 2022-м Беларусь і Іран нагандлявалі на 100 мільёнаў долараў, а гэта трохразовы рост. Краіны гатовыя выйсці на новы ўзровень партнёрства.

Прэзідэнты Беларусі і Ірана падпісалі дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва да 2026 года

Па выніках перамоў прэзідэнты падпісалі дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва да 2026 года. Дамоўленасць наконт распрацоўкі і падрыхтоўкі дакумента была дасягнута падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Эбрахіма Раісі ў верасні 2021 года на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Пакет пагадненняў падпісаны і членамі дэлегацый. Дарожная карта прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў палітычнай, эканамічнай, консульскай сферах, а таксама ў развіцці сацыяльных і навукова-тэхнічных праектаў.

Дасягнутыя дамоўленасці ацэньваюцца ў $100 млн

Эбрахім Раісі, Прэзідэнт Ірана:

Нягледзячы на тыя пагрозы і санкцыі, якія прымяняюць супраць Ісламскай Рэспублікі Іран, мы за гэты час змаглі дасягнуць высокіх вынікаў і трансфармаваць санкцыі ў магчымасці. Мы гатовыя дзяліцца нашым вопытам з дружалюбнай краінай Рэспублікай Беларусь у гэтым напрамку.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: Мінск зробіць усё неабходнае для выканання падпісаных дамоўленасцяў. Эбрахім Раісі ў сваю чаргу падкрэсліў, што цяперашні візіт беларускага лідара можа стаць адпраўным пунктам у развіцці двухбаковых адносін. Пасля перамоў прэзідэнты разам наведалі выставу вядучых медыцынскіх і навукова-інавацыйных вытворцаў Ірана.