Беларуская сталіца сёння ў цэнтры еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў

29 апреля 2014
Нашы карэспандэнты працуюць у Палацы Незалежнасці. Перамовы працягваюцца.

Апошнюю інфармацыю прама зараз даведаемся ў нашага палітычнага аглядальніка Андрэя Крывашэева (прамое ўключэнне).

Сённяшні мінскі саміт ужо называюць адным з самых насычаных па парадку дня і ключавым у развіцці інтэграцыі Еўразійскай тройкі.

Нагадаем, два прынцыповыя пытанні ўсіх сённяшніх сустрэч - гэта падрыхтоўка дагавора будучага саюза і далучэнне Арменіі да фарматаў мытнага аб'яднання і АЭП. Афіцыйны Ерэван на працягу трох апошніх месяцаў рэзка фарсіраваў інтэграцыю і, на думку аналітыкаў, можа стаць новым мытным саюзнікам да канца мая.

Што датычыцца новага дагавора, то яго аснова ўжо гатовая, хаця і з нюансамі. Наконт гэтага далажыў Аляксандру Лукашэнку член савета еўразійскай камісіі ад Беларусі Сяргей Румас. Дарэчы, гэтая ранішняя сустрэча была першай у насычаным графіку сённяшняга дня.

Інтэнсіўная работа над дагаворам вядзецца, пачынаючы з мінскага саміту, які адбыўся летась у кастрычніку. Усе ўзгадненні планавалі завяршыць да мая. Для Беларусі прынцыпова, каб новы саюз з першага дня запрацаваў на класічных прынцыпах, г. зн. без выняццяў і абмежаванняў. Маецца на ўвазе нафта, газ, транспарт і фінансы.

Менавіта такую пазіцыю не раз агучваў Кіраўнік Беларусі. Гэтаму ж пытанню была прысвечаная другая сустрэча саміту. Апоўдні Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню ЕЭК Віктара Хрысценку. Прэзідэнта цікавіла гатоўнасць ключавога дакумента тройкі і тыя складанасці, якія можна вырашыць толькі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Кіраўнік камісіі падкрэсліў, што дагавор практычна гатовы, а прынцыпова новым у ім павінен стаць агульны рынак нафты і газу.


Першым з саюзнікаў сюды, у Палац Незалежнасці, прыбыў Прэзідэнт Казахстана. Яго цёпла вітаў гаспадар саміту - беларускі лідар. Пасля адбылася двухбаковая сустрэча.


Саюзнікі абмяркоўвалі тавараабарот, новыя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і адукацыі. Лідар Казахстана адзначыў, што пасля візіту Прэзідэнта Беларусі створана 14 буйных сумесных вытворчасцяў. Яны працуюць і на інтэграцыю, і на гандаль. Акрамя гэтага, Нурсултан Назарбаеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку і ўвесь беларускі народ з дзвюма важнымі будучымі падзеямі - гэта чэмпіянат свету па хакеі і 70-годдзе вызвалення Беларусі.


У тры гадзіны ў Палац Незалежнасці прыбыў Прэзідэнт Расіі. Яго ўрачыста сустракаў беларускі лідар. Затым да афіцыйнага пачатку пасяджэння тры прэзідэнты пагутарылі без прэсы. Гэтая размова доўжылася амаль дзве гадзіны. Толькі пасля гэтага лідары выйшлі на цырымонію фатаграфавання.


На першым пасяджэнні ў вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка як старшыня на саміце нагадаў калегам перадгісторыю падрыхтоўкі праекта Саюзнага дагавора і папрасіў адкрыта выказацца пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца саюзнікі ў працэсе яго ўзгаднення.


Саміт працягвае сваю работу. Наперадзе ў прэзідэнтаў пасяджэнне ў шырокім складзе і прэс-канферэнцыя. Да яе прыкаваная павышаная ўвага прэсы і гэта не выпадкова, бо ад сённяшніх рашэнняў залежыць і хуткасць інтэграцыі і прывабнасць самога будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, прычым як у СНД (маюцца на ўвазе Украіна, Таджыкістан і Узбекістан), так і ў вачах нашых еўрапейскіх і азіяцкіх партнёраў. Тым больш што еўразійскі вектар сур'ёзна разглядаюць такія буйныя эканомікі, як Турцыя і Індыя.

На гэтую хвіліну гэта ўся інфармацыя. Мы працягваем сачыць за развіццём падзей на мінскім саміце. Новыя падрабязнасці ў наступных выпусках.