Праз тыдзень Беларусь прадэманструе сваю прафадукацыю ў Бразіліі

4 августа 2015

Беларусь роўна праз тыдзень прадэманструе  сваю прафадукацыю ў Бразіліі на конкурсе WorldSkills. Сёння нашай зборнай асабіста пажадала поспеху віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Некаторыя ўдзельнікі на іншы кантынент адправяцца ўжо заўтра. У Сан-Паула студэнты беларускіх каледжаў і ВНУ будуць спаборнічаць у 15-ці спецыяльнасцях: сфера ІТ, кухарская справа, цырульніцкае мастацтва, дызайн. Па ўсіх гэтых намінацыях юнакі і дзяўчаты сёлета ўжо ўдзельнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills СНД+ у Казані і па кожным кірунку занялі прызавыя месцы. Нягледзячы на гэта прадстаўнікі зборнай не адпачывалі - практычна кожны дзень рыхтаваліся да міжнародных спаборніцтваў у Сан-Паула. Многія праходзілі стажыроўку за мяжой пад назіраннем міжнародных экспертаў.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Мы прапагандуем  рабочыя прафесіі, мы за бесперапынную сістэму адукацыі - ад сярэдняй, ад ПТВ да вышэйшай навучальнай установы. Мяжа  паміж чыста  рабочым і інжынерам-тэхнолагам  сціраецца. Для гэтага дастаткова наведаць нашы лепшыя прафтэхвучылішчы i паглядзець, як яны абсталяваныя. І ў гэтым можна  пераканацца - зараз рабочаму патрэбныя веды, якія давалі раней на ўзроўні вышэйшых навучальных устаноў".

У алімпіядзе прафесійнага майстэрства ў Бразіліі юнакі і дзяўчаты будуць спаборнічаць на працягу тыдня. У конкурсе WorldSkills удзельнічаюць больш  за тысячу чалавек з 63 краін. Беларусь да гэтага руху, які зацікаўлены ўзняць прэстыж  рабочых спецыяльнасцяў, далучылася менш чым два гады таму. Як падкрэсліваюць эксперты,  WorldSkills -  гэта перш за ўсё доступ да самых сучасных методык падрыхтоўкі прафесійных кадраў, па якіх вучаць у перадавых краінах.