Беларусь і Расія зверылі гадзіннікі ў знешняй палітыцы

18 ноября 2014

У Мінску прайшло пасяджэнне калегій МЗС дзвюх краін. На сустрэчы міністры Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў абмеркавалі ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў рамках міжнародных арганізацый, пагаварылі наконт геапалітычнага становішча, у тым ліку наконт крызісу ва Украіне. Як адзначыў Уладзімір Макей, Беларусь гатовая актыўна прасоўваць ідэю інтэграцыі інтэграцый - гэта значыць, стварэння агульнай эканамічнай і гуманітарнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. Таксама Уладзімір Макей выказаў упэўненасць у неабходнасці наладжвання канструктыўных кантактаў паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС.


Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: Мы закранулі таксама пытанні Усходняга партнёрства. Беларусь прадоўжыць выступаць за тое, каб Расія была ўцягнутая ў дзейнасць гэтай ініцыятывы, перш за ўсё, у форме ўдзелу ў рэалізацыі ўзаемавыгадных рэгіянальных праектаў. Дамовіліся таксама і надалей цесна ўзаемадзейнічаць па пытаннях міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджвання і кантролю над узбраеннямі.


Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: Мы абмеркавалі адносіны Расіі і Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Мы канстатавалі, што не шукаем канфрантацыі, але выразна пацвердзілі, што ў нашай рабоце будзем кіравацца неабходнасцю даваць зразумець нашым еўрапейскім партнёрам, што санкцыі - гэта шлях у нікуды і яны абсалютна контрпрадуктыўныя з пункту погляду дасягнення тых вынікаў, якія аб'яўляюцца мэтамі неправамерных аднабаковых рэстрыкцый.


Асаблівую ўвагу міністры надалі папулярызацыі на міжнароднай арэне сумесных ініцыятыў Беларусі і Расіі, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. Абмяркоўвалася і аказанне консульскай дапамогі суайчыннікам за мяжой, асабліва грамадзянам Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў краінах са складаным ваенна-палітычным становішчам.