Зубраня прымае злёт юных выратавальнікаў-пажарных

5 сентября 2013

Разам у лагеры адпачываюць і кадэты з Беларусі і Расіі. Усяго 40 дэлегацый. Вучобу і фізічную падрыхтоўку сумяшчаюць з адпачынкам і аздараўленнем.


Падрабязнасці ў Аляксандры Драгун.


Лёша і Жэня ў пажарным спорце 3 гады, трэніруюцца і вучацца ў ліцэі МНС. Сумеснае захапленне і агульныя мэты зрабілі з хлопцаў лепшых сяброў. Разам яны не толькі выступаюць на міжнародных спаборніцтвах, але і выратоўваюць кацянят з дрэў.


Для хлопчыкаў і дзяўчынак у лагеры падрыхтавалі насычаную праграму. Ад вячэрніх дыскатэк да спаборніцтваў за чэмпіёнскія трафеі.


Пажарная эстафета, Палявыя вучэнні і Аказанне першай медыцынскай дапамогі. Выпрабаванні для дзяцей добра знаёмыя. Бо ў верасні - змена самых выдатных выратавальнікаў-пажарных. Усяго больш за 200 хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны.


Разам з будучай зменай выратавальнікаў-пажарных у лагер традыцыйна прыехалі і кадэты. Разам адпачываюць і вучацца выхаванцы ваенных вучылішчаў з Беларусі і Расіі. І толькі колер і фасон формы гаворыць аб ваенных традыцыях і асаблівасцях службы.


Шмат сярод мужных і моцных хлопцаў далікатных дзяўчат. Праўда, замест туфляў на шпільках - берцы. Льгот няма і ў фізічнай падрыхтоўцы. Нароўні маршыруюць у агульным страі і складаюць канкурэнцыю моцнаму полу.


Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат яшчэ месяц вясёлага адпачынку, вучобы і новых знаёмстваў. А пакуль адказна рыхтуюцца да сустрэчы з міністрам па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Дарэчы, урачыстае пастраенне адбудзецца ўжо заўтра.