Зімовы ўніверсітэт для кветкаводаў працуе у Батанічным садзе

12 февраля 2015

Збор лекавых і дэкаратыўных раслін, фітадызайн і майстар-клас па ландшафце. Зімовы ўніверсітэт для кветкаводаў працуе у Батанічным садзе. У выхадныя навуковыя работнікі правядуць шэраг лекцый для садаводаў і кветкаводаў. Якая праграма чакае наведвальнікаў

“Паўлінка”, “Несцерка”, “Мінчанка” -  Наталля Македонская з пяшчотай пералічвае віды бэзу сталічнага батанічнага сада. Развядзеннем духмяных суквеццяў навуковы супрацоўнік займаецца амаль 30 гадоў. Яе калекцыя ўнесена ў дзяржаўны рэестр аховы раслін. Сваімі ведамі вопытны кветкавод ахвотна дзеліцца з аматарамі падчас традыцыйных майстар-класаў. Чарговы, бэзавы, пройдзе ў гэтую суботу, у аранжарэі.

Ландшафтныя дызайнеры і кветкаводы пазнаёмяць удзельнікаў так званых “зялёных” урокаў з новымі відамі  дэкаратыўных раслін, кустоў і дрэў, а таксама дадуць рэкамендацыі па іх вырошчванні. А пасля лекцый -  экскурсія па аранжарэі. Зараз – час  цвіцення многіх субтрапічных раслін: гузманій, эхмей, камелій.

Сам жа батанічны сад круглы год – аазіс прыгажосці. Вось і цяпер, у лютым, з-пад заснежаных кронаў, нібы тыя пралескі, віднеюцца кветкі гамамеліса японскага.  Убачыць такі цуд можна ў сектары Усходняй Азіі, недалёка  ад Чаромхавай алеі. Калі крыху пацяплее, пупышкі ператворацца ў жоўтае суквецце.

Заняткі ў міні-ўніверсітэце для кветкаводаў-аматараў працягнуцца  да пачатку сакавіка. У суботнім раскладзе -   лекцыі па вырошчванні буйнаплодных буякоў, правілах фітадызайну, зборы лекавых раслін, кветкавым афармленні альпійскіх горак.

21 лютага Батанічны сад узгадае традыцыі праводзін зімы. Развітацца з маразамі і пакаштаваць масленічных бліноў можна будзе падчас святочнай праграмы. На пляцоўцы ля аранжарэі наведвальнікаў чакаюць выступленні цыганскіх калектываў, фаер-шоу і, традыцыйна, падпальванне чучала.