Жывыя кветкі ляглі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці

6 мая 2020
Тры дні да Вялікай Перамогі. Перамогі, якую так чакалі доўгія 4 гады. "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Па ўсёй краіне аддаюць даніну памяці і ўскладаюць кветкі да манументаў і абеліскаў на месцах кровапралітных бітваў. І сёння ў пярэдадзень вялікага юбілею мы ўспамінаем герояў, якія мужна абаранялі нашу Радзіму.

Герояў, якія першымі сустрэліся твар у твар з ворагам, якія першыя пачулі ўзрывы снарадаў каля сваіх хат. У Брэсцкай крэпасці да Вечнага агню, ля якога пахаваныя абаронцы цытадэлі, ляглі жывыя кветкі. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання. Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці вядомы далёка за межамі Беларусі. Менавіта тут 22-га чэрвеня 41-га года пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Аляксандр Канюк, генеральны пракурор Беларусі: "Шматлікія людзі зараз наведваюць гарады і знакавыя месцы і аддаюць даніну павагі, памяці. Гэта вельмі важны момант. Важна, каб мы не забывалі і перадавалі нашым дзецям. Я не мог не скарыстацца выпадкам ускласці кветкі ў памяць тых людзей, якія загінулі за нас, дзякуючы якім мы жывём".

Святлана Карсунова, жыхарка г. Брэста: "У мяне ваявалі абодва дзядулі, адзін дзядуля быў генералам чыгуначных войскаў, удзельнічаў у Сталінградскай бітве. Для мяне, я нарадзілася ў Брэсце і ўсё жыццё тут жыву, Брэсцкая крэпасць мае вялікае значэнне".

Асноўныя ўрачыстасці пройдуць у Брэсцкай крэпасці 9 Мая. На плошчу Цырыманіялаў вынесуць адну з рэліквій крэпасці: баявы сцяг 393-га асобнага артылерыйскага дывізіёна. Нягледзячы на жорсткія баі, абаронцы здолелі зберагчы яго ад ворага ў казематах. І ўжо пасля вайны знайшлі для памяці будучых пакаленняў.