"Зялёныя школы" для экалагічнага выхавання

10 февраля 2021

Чыстыя двары хвалююць іх не менш, чым матэматычныя формулы. А кармленне птушак натхняе не менш, чым паэзія на ўроку літаратуры. У сярэдняй школе № 4 горада Чэрвеня паралельна са звычайнымі заняткамі вучні асвойваюць экалагічныя дысцыпліны. У рамках рэспубліканскага праекта "Зялёная школа" тут вучацца беражліва ставіцца да прыроды. Наталля Бардзілоўская пабывала ў чэрвеньскай "Зялёнай школе".

Вада можа стаць павелічальным шклом, а яйка ў вадзе паказаць, прэсная яна ці салёная. Але дзятву тут вучаць не толькі ўласцівасцям Н2О. Галоўнае - звяртаюць увагу: пітных запасаў на Зямлі засталося не так многа, важна зберагаць і эканоміць водныя рэсурсы.

На школьных перапынках удзельнікі факультатыву па водазберажэнні патрулююць сталовую, тэрыторыю побач з умывальнікамі, сочаць, каб былі закрытыя ўсе краны, каб лішняя кропля вады не падала без патрэбы. Папярэджваюць парушальнікаў воднага рэжыму, тлумачаць правілы карыстання вадой першакласнікам.

Такая група школьнікаў сочыць за энергакарыстаннем. Зусім малыя арганізоўваюць энергапатруль.

Навучэнцы сярэдніх класаў не толькі сочаць, каб без патрэбы не гарэла святло. Іх справа - кантроль за тэмпературным рэжымам у класах. Згодна з санітарнымі нормамі, у школьных памяшканнях павінна быць ад 18 да 24 градусаў цяпла.

Вода- і энергазберажэнне, а яшчэ кантроль за якасцю атмасферы і паветра, знаёмства з біяразнастайнасцю. Гэтыя і іншыя пункты - частка вялікай адукацыйнай праграмы Беларусі па стварэнні і дзейнасці "Зялёных школ". Такія праекты задуманы як экалагічныя. Тыя, што дазволяць моладзі больш шырока вывучаць прыроду і карыстацца яе багаццем без нанясення шкоды.

У праекце "Зялёная школа" задзейнічана амаль 400 вучняў і 30 настаўнікаў 4-й школы горада Чэрвеня. Карысныя ініцыятывы падтрымліваюць і бацькі школьнікаў. Атрымліваецца не проста экалагічнае, а сямейнае выхаванне, якое аб’ядноўвае пакаленні адной важнай ініцыятывай.

Адзін з галоўных напрамкаў экапраекта - нарыхтоўка другаснай сыравіны. Колькі існуе школа (а гэта больш за чатыры дзясяткі гадоў!), столькі тут збіраюць макулатуру і металалом. З сучаснага, чым заахвочваюць дзяцей і іх бацькоў, - збор пластыку, адпрацаваных батарэек і шкла.

Лічбы ўражваюць: за мінулы год энтузіясты чэрвеньскай "Зялёнай школы" сабралі 1 800 кілаграмаў макулатуры, амаль 1 300 кілаграмаў бітага шкла і 820 кілаграмаў пластыку.

Зялёнае захапленне - асветніцкае, цікавае, рэальна карыснае, заахвочвае ўсё больш аматараў прыроды і тых, хто думае пра заўтрашні дзень планеты Зямля. Зрэшты, рэспубліканскі праект "Зялёная школа" хутка інтэгрыруецца ў міжнародны. Такія амбіцыйныя планы ў беларусаў.