Зялёная анлайн-платформа пачала працу ў Мінску

13 апреля 2019

На інтэрактыўнай карце можна выбраць месца для азелянення, а таксама пароды дрэў ці кветкавыя кампазіцыі, якія ўпрыгожаць дваровыя тэрыторыі. Да акцыі ўжо далучыліся дзясяткі мінчан. Усяго ж больш за 25 тысяч маладых дрэў упрыгожаць гэтай вясной сталічныя скверы і вуліцы. Актыўна азеляняюць і тэрыторыі ўздоўж кальцавой. 

Як змяняюцца гарадскія краявіды  - рэпартаж Аляксандры Кавеліч.  Перш, чым упрыгожыць гарадскі краявід, маленькія ліпы, клёны і дэкаратыўныя яблыні да дзесяці гадоў вырошчваюць у спецыяльных гадавальніках. І толькі потым рыхтуюць да пераезду.

А таму на ліку камунальных службаў зараз літаральна кожная гадзіна. Гэтай вясной Мінск стане ярчэй - сталічныя вуліцы, скверы і паркі ўпрыгожаць больш як 25 тысяч маладых дрэў – гэта ў тры разы больш, чым год таму. Ліпы, клёны і ясені ўжо высадзілі ўздоўж цэнтральных праспектаў. 

Вялікія алеі разрастаюцца і ўздоўж мінскай кальцавой. На пустых тэрыторыях каля ажыўленай магістралі высаджваюць найбольш устойлівыя пароды дрэў.

Там, дзе высадзіць ліпы ці асіны немагчыма - гэта месцы каля інжынерных сетак, з'яўляюцца пано з кветак і кустоў. Дзе яшчэ высадзяць расліны, цяпер выбіраюць самі мінчане. У сталіцы пачаў працу зялёны анлайн-партал. 

На анлайн-старонку ўжо прыйшло больш як 80 зваротаў. Аднымі з першых да экаініцыятывы далучыліся жыхары гэтай сталічнай шматпавярхоўкі. Разам высадзілі хвоі побач з гульнявой пляцоўкай. 

Азеляняць тэрыторыі працягваюць і падчас суботнікаў – яны зараз праходзяць па ўсёй краіне. Актывісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і проста неабыкавыя жыхары высаджваюць сямейныя алеі, а таксама ўладкоўваюць зялёныя куткі, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Беларусі.