Замежныя СМІ актыўна каменціруюць Пасланне Аляксандра Лукашэнкі

31 марта 2023

Замежныя СМІ актыўна каменціруюць сённяшняе выступленне беларускага лідара.

Амерыканскі часопіс Newsweek паведамляе, што Прэзідэнт Беларусі заклікаў Украіну і Расію пачаць перамовы без папярэдніх умоў. "Мы павінны спыніцца зараз, пакуль не пачалася эскалацыя. Я рызыкну прапанаваць спыненне баявых дзеянняў, аб'яўленне перамір'я", - сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да нацыі ў пятніцу, паведамляе часопіс.

Аўстралійская тэлесетка ABC інфармуе гледачоў, што Прэзідэнт Беларусі актывізаваў перамовы з Расіяй аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў яго краіне, паколькі існуюць планы ўварвання ў Беларусь з суседняй Польшчы. Спадар Лукашэнка сказаў, што планы Масквы размясціць ядзерную зброю ў Беларусі дапамогуць абараніць краіну, якая, паводле яго слоў, знаходзіцца пад пагрозай з боку Захаду, паведамляе аўстралійскі тэлеканал.

А канадская тэлесетка Global News адзначае, што Крэмль адразу адрэагаваў на заклік лідара Беларусі (найбліжэйшага саюзніка Расіі) да неадкладнага спынення агню без папярэдніх умоў і да перамоў паміж Масквой і Кіевам аб трывалым мірным урэгуляванні. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што Расія прыняла да ўвагі каментарыі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнт Уладзімір Пуцін абмяркуе іх з ім на наступным тыдні.