Нарыхтоўка бярозавіка пачалася амаль на тры тыдні раней, чым звычайна

17 марта 2020
У Беларусі працягваецца нарыхтоўка бярозавіка. З-за адносна цёплага сакавіка яна пачалася амаль на тры тыдні раней, чым звычайна. Так, лясгасы Мінскай вобласці ўжо сабралі больш як 300 тон напітку. Вялікую частку гэтага аб'ёму ўжо прадалі. Нагадаем, за пазапраўную падсочку можна атрымаць штраф. Таму найлепшы спосаб набыць бярозавік - яго купіць у саміх лясніцтвах. Цэны за літр вагаюцца па краіне ад 25 да 40 капеек.

Павел Фанзель, ляснічы Светлагорскага лясніцтва: "Досыць патэлефанаваць па тэлефоне і ўзгадніць час. Бо мы шторанку едзем у лес, набіраем сок у ёмістасць, і сюды можна прыехаць і набыць сок у любой неабходнай колькасці".

Сок будуць збіраць, пакуль бярозы не пачнуць пускаць почкі. Гэта адбудзецца, калі тэмпература некалькі дзён запар перавысіць плюс 12.