Загарадныя лагеры адпачынку праходзяць праверкі

20 мая 2014

Загарадныя лагеры адпачынку праходзяць праверкі і апошнюю падрыхтоўку да новага сезона. Сёлета каля 40 тысяч мінскіх школьнікаў змогуць правесці час у 37 лагерах. Наколькі бяспечна будуць адпачываць дзеці і ці ведаюць самі супрацоўнікі летніх баз адпачынку элементарныя правілы супрацьпажарнай бяспекі? У рэйд з ратавальнікамі адправілася і наша здымачная група.


Расказвае Аляксандр Харавец.


Вясёлы гоман, спевы і крычалкі дзятвы на тэрыторыі лагера Загор'е загучаць літаральна праз два тыдні. А пакуль тут наводзяць апошні глянец. Для таго, каб летні адпачынак школьнікаў не сапсавала пазаштатная сітуацыя, супрацоўнікі МНС штодзень праводзяць прафілактычныя рэйды па лагерах. І ад таго, як будзе наладжана праца адміністрацыі комплексу падчас надзвычайнай сітуацыі, у многім залежыць бяспека адпачывальнікаў.


Інспектары правяраюць розныя дэталі: ад спраўнасці пажарных апавяшчальнікаў і наяўнасці вогнетушыцеляў да трываласці аконных рам. У бяспецы дробязяў не існуе: дзеці павінны не толькі жыць камфортна, але і адпачываць бесклапотна.


Сталовая і кухня - яшчэ адна зона павышанай небяспекі. Таму тут ратавальнікі правяраюць спраўнасць працы духавых шафаў і наяўнасць ізаляцыі электраправодкі.


Асобая ўвага супрацоўнікаў МНС да электраразетак. Падчас летняга адпачынку дзяцей у гэтым лагеры яны знаходзяцца без напружання. Таму падзарадзіць мабільныя тэлефоны і сучасныя гаджэты адпачывальнікі могуць у спецыяльна адведзеных месцах.


Яшчэ адна перашкода камфортнага дзіцячага адпачынку - кляшчы. Санітарную апрацоўку ляснога масіву тут правялі загадзя.


Больш за палову загарадных лагераў сталіцы ўжо гатова прыняць школьнікаў. Астатнія пакуль рыхтуюцца да першай змены. Стартуе летні сезон 2 чэрвеня.