Прэзідэнт Беларусі накіраваўся ў Кітай з трохдзённым рабочым візітам

1 сентября 2015

Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэнню Другой сусветнай вайны. Падчас візіту таксама запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам Кітая.

Падрабязнасці ў Святланы Лук’янюк. Кітайскі вектар знешняй палітыкі Беларусі ўжо даўно стаў стратэгічным. Гэта пацвярджаецца актыўным супрацоўніцтвам і, галоўнае, падтрымкай краін адна адной на міжнароднай арэне, а таксама сталымі кантактамі на высокім і вышэйшым узроўні. Як раз сёння пачынаецца рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пекін. Дарэчы, гэта ўжо другая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў у 2015 годзе.

У маі афіцыйны Мінск прымаў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна, як раз у дні ўрачыстасцяў з нагоды 70-годдзя перамогі над фашызмам. Візіт падоўжыўся тры дні, гэта максімум па дыпламатычным пратаколе. Тым самым падкрэслівалася важнасць кантактаў па лініі Мінск - Пекін. Перамовы ў вузкім і пашыраным фармаце, бізнес-форум. І як вынік - падпісалі больш як 50 пагадненняў. У тым ліку і па крэдытнай падтрымцы. Сумесныя праекты ў біяфармацэўтыцы і энергазберажэнні, будаўніцтва новага завода "БелДжы", усё гэта з кітайскімі ўкладаннямі. А таксама грандыёзная будоўля - індустрыяльны парк "Вялікі камень". Ён стане новым цэнтрам прыцягнення інвестыцый і перадавых тэхналогій. На пляцоўцы будучыні ў маі пабывалі і лідары Беларусі і Кітая. Каб паглядзець, як будуецца і што ў выніку атрымаецца. Беларусь для Кітая зараз не проста партнёр, а важнае звяно ў эканамічным поясе "Шаўковага шляху", а таксама ва ўзаемасувязі з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Сёння аб'ём крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва Мінска і Пекіна набліжаецца да 20 мільярдаў долараў. Гэта дзясятак сумесных праектаў. Пра іх, а таксама пра новыя кірункі супрацоўніцтва ва ўсіх сферах будуць гаварыць тры дні ў Пекіне падчас рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. Таксама Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел ва ўрачыстасцях да 70-годдзя перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.