За працай беларускіх хірургаў назіралі анлайн

13 сентября 2016

Больш за сотню вядучых трансплантолагаў з Еўропы і краін СНД сёння назіралі анлайн за працай беларускіх хірургаў. Яны праводзілі адразу тры найскладанейшыя аперацыі. У рэжыме рэальнага часу ў канферэнц-зале РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Беларусі паказвалі ўсе самыя важныя моманты на вялікім экране і тут жа гучалі каментарыі хірургаў. Незвычайная канферэнцыя адбылася напярэдадні адкрыцця міжнароднага кангрэса гепатолагаў. Варта адзначыць, што форум праходзіць штогод ужо 20 гадоў. На гэты раз упершыню пляцоўкай стала наша краіна. На адкрыцці міжнароднага кангрэса пабывала і Юлія Грызунт.

У картцы запісу - гепатыт C і цыроз печані. Гэтага пацыента ўжо нельга вылечыць, можна толькі выдаліць пашкоджаны орган і перасадзіць на яго месца здаровы. На аперацыі, акрамя хірургаў і іх асістэнтаў, анестэзіёлагі. Іх праца пачалася задоўга да аперацыі.

За хворым анестэзіёлагі сочаць на працягу ўсёй трансплантацыі. Акрамя іх сёння за працэдурай назіралі яшчэ больш чым сто вядучых трансплантолагаў з Еўропы і краін СНД. Літаральна ў прамым эфіры ў РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак сёння трансляваліся тры найскладанейшыя аперацыі - рэзекцыя печані (ці іншымі словамі выдаленне пашкоджанай часткі органа), падобная аперацыя на падстраўнікавай залозе і ўжо візітная картка беларускай хірургіі - замена хворай печані. Над аперацыйным сталом былі ўсталяваныя камеры, а хірургі ў мікрафон каменціравалі кожнае сваё дзеянне.

Першая аперацыя па трансплантацыі печані ў Беларусі прайшла ў 2008 годзе. З тых часоў у нашай краіне выратавалі жыццё ўжо 417 такім пацыентам.

Ужо 20 гадоў штогод вядучыя гепатолагі збіраюцца, каб расказаць сваім калегам пра самыя складаныя аперацыі і новыя тэхнікі. Сёлета такі кангрэс упершыню праходзіць у нашай краіне. Ён сабраў больш за 300 медыкаў з краін СНД і Еўропы.

І да канца дня адкрыцця кангрэса ім ужо ёсць чым падзяліцца з калегамі ў сябе на радзіме.

За 6 гадоў працы РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак на "экскурсіі" ў бальніцы пабывалі каля паўтысячы замежных медыкаў. Што да замежных пацыентаў, то на іх прыпадае 10% усіх трансплантацый у Беларусі.

Форум гепатолагаў прадоўжыцца да 16 верасня. Ужо заўтра нашы медыкі змогуць расказаць пра свае дасягненні замежным калегам - першы дзень кангрэса ўдзельнікі прысвецяць дыскусіям.