За хвіліну вызначыць, ці ўжываў чалавек наркотыкі

10 апреля 2014

Новы бліц-тэст стварылі навукоўцы біялагічнай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скарыстацца ім можна нават без спецыяльнай падрыхтоўкі і, што называецца, у палявых умовах.


У эфектыўнасці новага тэста пераканалася Улада Карніцкая. 100-працэнтная дакладнасць за некалькі хвілін. У біялагічнай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта над тэстам, які вызначае, ці знаходзіцца чалавек пад уздзеяннем наркотыкаў, працавалі 2 гады. Максім Рызецкі асабіста распрацоўваў рэчывы, якія рэагуюць на псіхатропы, і нават дызайн тэста.


Максім Рызецкі, загадчык навукова-даследчай лабараторыі прыкладных праблем біялогіі БДУ: Ідэя гэтая ў свеце існуе не адзін год, і аналагі, якія выкарыстоўваюць прыкладна тыя ж прынцыпы і падыходы, аднак мы распрацавалі больш недарагую мадэль гэтага тэста.


Каштуе такі тэст усяго 50 тысяч рублёў, а гэта ў 10 раз танней за імпартныя аналагі. Першая партыя бліц-тэстаў ужо, што называецца, у працы: на ўзбраенні ва ўрачоў аўтапаркаў для праверкі вадзіцеляў. Працэдура займае некалькі хвілін і не патрабуе спецыяльных умоў.


Тэст можа правесці абсалютна любы чалавек і нават без спецыяльнай падрыхтоўкі. Дастаткова ўсяго толькі апусціць яго ў прабірку з біялагічным матэрыялам, і ўжо праз некалькі хвілін вынік адлюструецца ў прамым сэнсе на палосцы.


Усяго ж у гэтай лабараторыі створана некалькі дзясяткаў тэстаў, якія працуюць з прадуктамі, напоямі і нават выбухованебяспечнымі рэчывамі. Адна з апошніх распрацовак, сцвярджаюць навукоўцы, спросціць работу вартавым межаў. Усяго за паўхвіліны гэты тэст дакладна вызначае, які канкрэтна наркотык затрыманы.


Уладзімір Курчанка, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі прыкладных праблем біялогіі БДУ: Рэакцыя ідзе вельмі хутка, дастаткова ўнесці невялікую колькасць рэчыва ў прабірку, закрыць яе, расціснуць ампулу, і мы атрымаем колер. Калі фіялетавы, то гэта опій, калі сіні - гэта гераін, калі ружовы або бэжавы, то гэта будзе амфетамін.


І ўжо сёння тут ствараецца новы тэст. Па словах навукоўцаў, гэтая распрацоўка зможа ў момант вызначаць натуральнасць спіртнога напою.


Як сцвярджаюць спецыялісты, такі аналіз ужо ў найбліжэйшай будучыні дазволіць практычна звесці да мінімуму рызыку алкагольных атручэнняў.