Адметныя падзеі Магілёўскай вобласці

18 января 2020
Лепшыя будаўнікі атрымалі падзякі па выніках года. У Чэрыкаве ўрачыста адкрыты новы будынак раённай пракуратуры. І ўпершыню грамадскасці паказаны рыцарскі меч, які лічыўся страчаным, цяпер ён у залатым фондзе Музея гісторыі Магілёва. Яскравымі падзеямі напоўнены тыдзень для ўсходняга рэгіёна краіны. Зараз даведаемся больш падрабязна.

Расказвае Андрэй Ястрабаў. Магілёўская вобласць захавала дадатную дынаміку ў сацыяльна-эканамічным развіцці - такі галоўны вынік года. І асаблівую ролю адыграла будаўнічая галіна. Нямала важных аб’ектаў летась адкрыта: новы корпус асіповіцкай бальніцы, раддом у Магілёве, да таго ж адноўлены шэраг пуцеправодаў. Прафесійнае майстэрства будаўнікоў адзначана асаблівай падзякай. Лепшыя з лепшых атрымалі ўзнагароды. Шмат прагучала падчас урачыстасці і пажаданняў плённай працы. Бо планы - велізарныя. Напрыклад, звыш 350 000 квадратных метраў жылля пабудаваць у рэгіёне. А значыць, каля 6 000 сем’яў стануць навасельцамі. Плюс шэраг важных сацыяльных аб’ектаў. 

У Чэрыкаве ўрачыста адчыніў дзверы новы будынак раённай пракуратуры. На двух паверхах размясціліся  ўтульныя кабінеты, у тым ліку для прыёмаў грамадзян. Новая мэбля, аргтэхніка. Створаны камфортныя ўмовы і для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. 

Сярэдневяковы рыцарскі меч XV - пачатку XVI стагоддзяў вярнуўся ў Магілёў. І ўпершыню паказаны грамадскасці. Яго сучасная гісторыя пачалася больш за шэсць гадоў таму, калі на дне ракі Віхра ў Мсціслаўскім раёне былі знойдзеныя  кіраса, шлем, фрагменты кальчугі, шпоры і іншая амуніцыя. Усе яны трапілі ў рукі археолагаў. А вось меч бясследна знік. Высветлілася: артэфакт быў вывезены за межы Беларусі. А пасля перапродажу выстаўлены на аўкцыён у адной з еўрапейскіх краін. Выкупіць удалося дзякуючы мецэнатам, дапамозе міністэрстваў замежных спраў Беларусі і культуры, а таксама Мытнага камітэта. 

Вынікам акцыі "Жыццё на далоні", ініцыятарам якой выступіў Беларускі саюз жанчын, стала ўручэнне цёплых падарункаў немаўлятам Магілёўскага раддома. На працягу некалькіх месяцаў актывісты сваімі рукамі вязалі маленькія шапачкі, камізэлькі, пледы. Са спецыяльнай ваўнянай ніткі, без швоў. Каб сагрэць імі дзетак. Да таго ж лёгкае паколванне, як запэўніваюць урачы, будзе садзейнічаць стымуляцыі арганізма нованароджаных.  Такое адзенне будзе саграваць немаўлят некалькі месяцаў.