Усяго ў школах і гімназіях цэнтральнага рэгіёна будуць вучыцца 163 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак

1 сентября 2021

Усяго ў школах і гімназіях цэнтральнага рэгіёна будуць вучыцца 163 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. І гэта больш чым летась. Сёння адзначылі наваселле і ў пасёлку Калодзішчы Мінскага раёна. Будынак таксама на 720 месцаў. А ў школы № 1 у Смалявічах з гэтага часу новыя магчымасці для актыўнага ладу жыцця. Пра Дзень ведаў са спартыўным, культурным і інавацыйным акцэнтам - Аляксей Кандраценка.

Новы стадыён да Дня ведаў

Для ўсіх вучняў СШ № 1 у Смалявічах сёння дзень, калі ёсць нагода задумацца не толькі пра навуковыя дасягненні, але і спартыўныя! Новы стадыён з мяккім пакрыццём. Тут можна трэніравацца амаль круглы год. Акрамя футбола - гэта яшчэ і баскетбол, варкаўт-пляцоўка і скейт-парк. Праект рэалізавала ў тым ліку і Беларуская федэрацыя футбола. Дарэчы, госці прыехалі да дзяцей з падарункамі і паабяцалі пабудаваць праз год такі ж стадыён і ў другой Смалявіцкай школе.

Сам жа сталічны горад-спадарожнік Смалявічы зараз будуе новую школу ў квартале, куды пераязджаюць і мінчане. Прэм'ера буйнога аб'екта - у наступным годзе.

Школа-новабудоўля ў Калодзішчах

З падобнай задачай спраўляецца і сістэма адукацыі прысталічнага раёна. Сёння адзначылі наваселле ў пасёлку Калодзішчы, дзе адкрылі школу № 2.

Будынак у Мінскім раёне падобны на той, што ў Стоўбцах, але са сваім каларытам. Ён таксама на 720 месцаў, а з магчымасцяў - басейн на 4 дарожкі.

Акрамя таго, узмоцненае вывучэнне беларускай мовы, фальклору і народных традыцый. З асаблівасцяў пазакласнай адукацыі - рабашкола, дзе школьнікі змогуць асвоіць азы праграмавання. Плюс унікальныя курсы па авіямадэліраванні. Усё гэта - падрыхтоўка да выбару будучай прафесіі. Як адзначылі госці з Мінаблвыканкама, сацыяльна значныя аб'екты і далей будуць узводзіць для жыхароў Мінскага раёна.

Усяго сёлета ў Мінскай вобласці за парты сядуць 163 тысячы школьнікаў, з якіх амаль 18 тысяч упершыню.