Ці запатрабаваныя зараз эканамісты на рынку працы, і па якіх напрамках рыхтуюць спецыялістаў у БДЭУ

21 мая 2023

Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі з'явіўся ў 1933 годзе. Гэта быў сціплы будынак на вуліцы Свярдлова ў Мінску. Прыгожую шматпавярхоўку, дзе зараз размяшчаецца БДЭУ, пабудавалі значна пазней, змянілі і назву.

За ўвесь час існавання ВНУ падрыхтавала звыш 185 тыс. спецыялістаў. Дыплом БДЭУ - гэта пропуск на топавыя пазіцыі. Выпускнікі - ад знакамітых спартсменаў  да кіраўнікоў ведамстваў. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр, міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, кіраўнік Белстата Іна Мядзведзева, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч - і гэта толькі некалькі прыкладаў.

Што б ні гаварылі скептыкі наконт таго, што эканамістаў вельмі шмат, гэты профіль застаецца запатрабаваным у абітурыентаў з года ў год. Па розных эканамічных спецыяльнасцях вучацца каля 65 тыс. студэнтаў. Напрыклад, БНТУ рыхтуе спецыялістаў для прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, аграрна-тэхнічны ўніверсітэт - для АПК, а вось БДЭУ робіць стаўку на фундаментальную навуку. Але не так, што вывучылі тэорыю, здалі экзамен і забылі, а вывучылі і прапанавалі канкрэтныя напрацоўкі, якія могуць быць карысныя грамадству.

Універсітэт супрацоўнічае з Акадэміяй навук па выкананні дзяржпраграм. Так, летась навукоўцы прапанавалі навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па павышэнні прадпрымальніцкай граматнасці насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.

Цікаўна, што ВНУ рыхтуе спецыялістаў на стыку прафесій, гэта значыць не чыстых эканамістаў, а бізнесменаў-айцішнікаў, менеджараў-юрыстаў, эканамістаў-перакладчыкаў. Напрыклад, вывучаць кітайскую мову студэнты могуць у Кабінеце Канфуцыя, іспанскую асвойваюць у Цэнтры лацінаамерыканскіх даследаванняў.