Замест дзяржпошліны ўрад прапаноўвае ўносіць плату за ўдзел у дарожным руху

3 января 2019

Падрыхтаваны праект указа, згодна з якім для фізасоб могуць адмяніць дзяржпошліну. Размова пра так званы дарожны падатак. Вось ужо 4 гады як ён прывязаны да тэхагляду. Зараз замест дзяржпошліны ўрад прапаноўвае ўносіць плату за ўдзел у дарожным руху. Зразумела, у залежнасці ад віду машыны і яе дазволенай максімальнай масы. Мінімальным перыядам, за які можна ўнесці плату, з'яўляецца каляндарны месяц, максімальны - два гады. Для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў усё застанецца без змяненняў. 

Расказвае Анастасія Бенедзісюк.

Звыш 4 мільёнаў самых розных транспартных сродкаў зарэгістравана ў Беларусі. Больш за палову ездзяць без тэхагляду. Такая статыстыка. І апошнімі гадамі дынаміка несуцяшальная. Праўда, варта сказаць: яна ніякім чынам не ўплывае на агульную сітуацыю на дарогах, ДТЗ становіцца куды менш, і гэта ўжо іншая статыстыка. Але вернемся да ТА. Ужо 4 гады як яго прывязалі да дзяржпошліны, а гэта без малога ад 80 да 280 рублёў, і толькі аплаціўшы іх адным разам, можна аплаціць і прайсці ТА. Нятанна. А калі на машыне ездзіш толькі летам ці і таго радзей?

А ёсць жа і тыя, каму трэба плаціць гэтую дзяржпошліну двойчы. Пра тое, што трэба нешта мяняць, загаварылі яшчэ восенню. Ва ўрадзе стварылі рабочую групу. І вось праект дакумента прапанавалі грамадскасці. Прапаноўваецца замяніць дзяржпошліну на так званую плату за ўдзел транспартнага сродку ў дарожным руху. Уносіць яе фізасобы павінны будуць у ДАІ. Для юрасоб усё без змяненняў. Стаўкі будуць вызначаны ў базавых велічынях. І аплачвацца памесячна. Праз АРІП. 

Год катацца на малалітражцы масай да паўтары тоны будзе каштаваць гаспадару крыху больш за 61 рубель. Памесячная язда абыдзецца ўладальніку амаль у шэсць з паловай рублёў. 122 з невялікім - цана гадавога дарожнага абанемента для легкавушкі вагой ад 1,5 да 2 тон.

Язда на машынах вагой ад 2 да 3 тон будзе каштаваць 164 рублі. І 17 рублёў за месяц. Самы кароткі сезон у матацыклістаў. За месячны допуск байкерам неабходна заплаціць крыху больш за 4 рублі. Гадавыя пакатушкі будуць каштаваць 13. 

Аплаціць за месяц або два гады (гэта максімум) - вырашае толькі вадзіцель. Дарэчы, за гадавую дзяржпошліну, аплачаную адразу, скінуць да 20 %. Аўтамабілі, спецыяльна абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі, ад выплаты вызвалены. 

Пазіцыя па дарожным падатку, а таксама абноўлены Падатковы кодэкс для бізнесу і фізасоб, зніжэнне падатковай нагрузкі на гады наперад. Эксклюзіўнае інтэрв'ю Сяргея Налівайкі на "Беларусь 1" можна будзе ўбачыць ужо ў гэтую нядзелю ў 9 вечара ў "Галоўным эфіры". 

Між тымі зафіксаваць своечасовую аплату за ўдзел у дарожным руху дапамогуць камеры фотафіксацыі. Не аплаціў ці пратэрмінаваў - возьмуць у падвойным памеры. Усе грошы будуць накіроўвацца ў рэспубліканскі дарожны фонд.

Тэкст праекта ўказа размешчаны на сайце Міністэрства фінансаў. Там жа напісаны электронны адрас, па якім можна накіраваць свае заўвагі і прапановы. Плануецца, што ўказ уступіць у сілу 1 красавіка.