Улады Ізраіля адмянілі рашэнне аб закрыцці пасольства ў Беларусі

17 марта 2016

І сёння ў МЗС Беларусі пацвердзілі інфармацыю аб тым, што ўлады Ізраіля адмянілі рашэнне закрыць пасольства ў нашай краіне.

Раней адпаведнае паведамленне распаўсюдзіла канцылярыя прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Ізраільскае Міністэрства замежных спраў па даручэнні прэм'ер-міністра паінфармавала аб гэтым пасла Беларусі ў Тэль-Авіве. Пры гэтым была акцэнтаваная важнасць, якую надае кіраўнік урада Ізраіля захаванню дыпламатычнай місіі ў нашай краіне. Мы, зразумела, станоўча ўспрынялі прынятае ізраільскім кіраўніцтвам рашэнне, лічым яго лагічным, аб'ектыўна адпаведным актуальнаму стану і духу нашых двухбаковых адносін. Як вядома, сувязі паміж беларускім і яўрэйскім народамі маюць пад сабой трывалы гістарычны падмурак, наша супрацоўніцтва характарызуецца сёння пазітыўнай дынамікай па шырокім спектры напрамкаў".

Зараз Беларусь чакае ноту МЗС Ізраіля. Нагадаем, мінулым летам Тэль-Авіў заявіў аб закрыцці свайго дыппрадстаўніцтва ў Беларусі ў сувязі з запланаваным скарачэннем выдаткаў.