Вілейскі краязнаўчы музей прапануе новыя праекты для дзяцей і моладзі

27 апреля 2021

Нацыянальныя беларускія традыцыі ў сучасным прачытанні. Вілейскі краязнаўчы музей прапануе новыя праекты для дзяцей і моладзі  з квізамі, тэстамі і квестамі. Тут жа і  майстар-класы па стварэнні лялек, якія для нашых продкаў былі абярэгамі. А ў больш традыцыйным фармаце выстава лялек, што родам з СССР. 

Пра папаўненне музейных экспазіцый - Ларыса Гулякевіч

Асоба, апантаная сваёй прафесіяй, музейнай справай. Надзея Аўдзей, дырэктар Вілейскага краязнаўчага, лічыць, што музей – гэта не толькі экспазіцыйная прастора, а  жывы арганізм, які развіваецца разам з часам. Музейныя заняткі па гісторыі роднага краю для школьнікаў праводзіць выключна ў вілейскім народным касцюме.

На майстар-класах дзяцей вучаць рабіць лялькі–матанкі, народныя абярэгі. Тым самым  знаёмяць іх з самабытным і старажытным рамяством, з традыцыямі бабуль і прабабуль. 

З лялькамі, але ўжо савецкіх часоў знаёміць экспазіцыя калекцыянера Святланы Кузьмічовай. Майстар з Маладзечна не толькі збірае, але і рэстаўрыруе іх, шые адзенне, словам,  дае рэтралялькам другое жыццё.

Экскурсіі па часе ў Вілейскім краязнаўчым музеі праводзяць у форме квесту

Дзеці і дарослыя павінны ўспомніць, колькі рэспублік было ў СССР, як выглядаюць іх народныя касцюмы, адгадаць назвы і прозвішчы герояў савецкіх фільмаў і мультфільмаў.

Назад у СССР. Тут сабраны лялькі ад 40-х да 90-х гадоў мінулага стагоддзя па розных тэмах. Вось, напрыклад, тэма вяселля. Такую ляльку-нарачоную саджалі на капот аўтамабіля. Мода гэта заставалася да 2000 гадоў. Галоўны герой Савецкага Саюза  быў працоўны чалавек, гэтай тэматыцы прысвечана секцыя. Вось такая лялька вытворчасці ГДР была ў мяне ў дзяцінстве, толькі ў іншым адзенні. А вось з такога пакета малака мая бабуля рабіла кармушкі для птушак зімой.

Ёсць тут і пастаянныя краязнаўчыя экспазіцыі, якія рэгулярна папаўняюцца новымі экспанатамі. Нядаўна музей атрымаў рарытэтную маляванку – распісаны ў адпаведнай тэхніцы дыван. 

Калекцыю шкляных паштовак і карцін у тэхніцы "відок" дапоўнілі новыя экспанаты мясцовых жыхароў. 

Каб заахвоціць моладзь вывучаць аўтэнтычныя экспанаты і сваю гісторыю, у Вілейскім краязнаўчым музеі запускаюць праект "Тэрыторыя YOUTH". Займальныя квізы і падарожжы па часе  арганізуюць у тым ліку і на анлайн-гульнявых пляцоўках. 





Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя